Усё саступае дарогу душам, якія ідуць наперад,
Усе рэлігіі, усе звыклыя рэчы, мастацтвы, урады — усё, што было
альбо ёсць відомае на гэтай планеце ці на іншых планетах, разбягаецца па кутках і хаваецца ў шчыліны перад шэсцем душ на вялікіх дарогах сусвету,
Усякі іншы рух наперад — толькі сімвал і падтрымка гэтага
шэсця мужчынскіх і жаночых душ па вялікіх шляхах сусвету.
Вечна жывым — вечна наперад ісці,
Паважаныя, урачыстыя, зажураныя, сцятыя, збітыя з панталыку,
вар'яты, палкія, непакорныя, слабыя, незадаволеныя, Роспачныя, гордыя, даверлівыя, хворыя, прызнаныя іншымі людзьмі ці адрынутыя іншымі людзьмі,—
Яны ідуць! Яны ідуць! Я ведаю, што яны ідуць, але не ведаю, куды яны ідуць,
Толькі ведаю, што яны ідуць да чагосьці самага лепшага — да чагосьці самага вялікага.
Хто б ты ні быў, выходзь! Мужчына ці жанчына — выходзь!
Ты не павінен адсыпацца і бавіць час у сваім доме, нават калі ты
пабудаваў яго сам ці калі табе пабудавалі яго іншыя.
Выходзь з цёмнага самазняволення! Выходзь з-за шырмаў!
Не варта пярэчыць — я ведаю ўсё і таму рассакрэчу тваю таямніцу.
Бачу цябе я наскрозь, ты не лепшы ад іншых,
Ты не заслонішся ад мяне ні смехам, ні танцамі, ні полуднем, ні вячэраю,
ні купкаю людзей,
Скрозь адзенне і ўсе ўпрыгожанні на гэтым вымытым, чыстым,
дагледжаным твары
Бачу маўклівую і прыхаваную нянавісць, бачу адчай.