Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

24 октября 2017 г. 10:12

67

4

У анатацыі да кнігі аўтар адразу тлумачыць сэнс слова “бювар” – гэта адмысловая папка для захоўвання паштовай паперы, канвертаў і карэспандэнцыі. Кніга складаецца з 4 тэкстаў, якія раней друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў” і на сайце Радыё Свабода. Так бы мовіць у папку-бювар аўтар склаў асноўныя свае публічыстычныя творы і гутаркі. Пачынаецца кніга эсэ «Загадка Вінцэнта», якая распавядае пра мастака Ван Гога, ягоны складаны жыццёвы лёс, пра любоў аўтара да гэтага фантастычнага майстра пэндзля (не забываем, што па першай адукацыі Уладзімір Сіўчыкаў мастак).

Другі тэкст у кнізе – гэта падарожныя нататкі пісьменніка, якія маюць назву «Мюнхаўзенаў камень, або Пілігрымка ў Крывію». Разам з сябрамі Задзіночання беларускай моладзі аўтар зрабіў вандроўку на поўнач Беларусі і апісаў яе. Нататкі выкананыя ў форме ліста да сябра, у якім пісьменнік апавядае пра тое, што пабачыў на Глыбоччыне і Браслаўшчыне. Аўтар піша прае тое, якія багацці мы маем, але амаль нічога пра іх ня ведаем.

Другую палову кнігі можна назваць жодзінскай. Уладзімір Сіўчыкаў змясціў тут інтэрв'ю, якое ён даў Міхасю Скоблу адносна ідэі ўсталяваць у Жодзіне помнік заснавальніку горада князю Багуславу Радзівілу. Доўгі час лічылася, што горад Жодзіна паўстаў у 1963 годзе пасля таго, як тут быў пабудаваны Беларускі аўтамабільны завод. Але напачатку 21 стагодзя ў архівах былі знойдзены дакументы, якія сведчылі пра тое, што Жодзіна было заснавана Багуславым Радзівілам і ўпершыню згадваецца ў «Смалявіцкім інвентары» ў 1643 годзе. Першапачаткова мястэчка называлася Багуслаў Поле.

Мае сувязь з гэтым інтэрв'ю і наступная гутарка. На гэты раз сам Уладзімір Сіўчыкаў узяў інтэрв'ю ў тагачаснага польскага амбасадара ў Менску Генрыка Літвіна. Гутарка была прысвечана пераважна гісторыі Вялікага княства Літоўскага, бо спадар Генрык Літвін па першай адукацыі гісторык і добра ў гэтай тэме арыетуецца. І зразумела падчас гэтай гутаркі размоўнікі не маглі не згадаць Багуслава Радзівіла, які ў польскай гістарычнай свядомасці мае не зусім прывабны імідж. Генрык Літвін прыезнае, што адмоўнае стаўленне да Багуслава Радзівіла ў Польшчы ўзмацнілася пасля таго, як пісьменнік Генрык Сянкевіч намаляваў яго адноўным героем у рамане «Патоп». Польскі гісторык лічыць, што варта ў такой справе ўсё ж чытаць першакрыніцы, напрыклад «Аўтабіяграфію» Багуслава Радзівіла. На што Уладзімір Сіўчыкаў сказаў, што як раз гэтая кніга ўжо перакладзена і рыхтуецца да друку. «Аўтабіграфія» Багуслава Радзівіла выйшла ў выдавецтве «Радыёла-плюс» ў 2009 годзе. А прадмову да гэтага выдання як раз і напісаў Генрык Літвін.