Больше рецензий

5 мая 2024 г. 22:06

57

5 Твор, які кранае душу беларускага чалавека

Вядома, што паэма Якуба Коласа "Новая зямля" - класіка беларускай літаратуры.
У цэнтры твора - сялянская сям'я. Міхал, жонка Ганна, брат Антось, дзеці. Сям'я, напэўна, самая звычайная на той час, якая жыла і працавала на зямлі, але пад панскім прыгнётам. І з-за капрызаў пана вымушана была часта і часам зусім знянацку пераязджаць на новае месца. Але Міхал і Антось - два добрыя браты-гаспадары, пад прыглядам якіх нават самая занядбалая глеба пачынала даваць добры ўраджай. Ганна - узорная гаспадыня, якая клапацілася аб сям'і, дзецях.
Але ж галоўная тэма - мара Міхала - набыццё сваёй зямлі. Міхал працавіты, справядлівы і горды чалавек, ён з цяжкасцю цярпеў прыніжэнні ад пана. І ўсё яго думкі звадзіліся к аднаму - к сваёй зямлі. Как не залежаць ад пана, каб быць сапраўдным гаспадаром свайго жыцця.
Нягледзячы на цяжкасці сялянскай працы, Міхал і яго сям'я знаходзілі час на адпачынак, на святкаванне. Яны захапляліся хараством прыроды. Адносіліся да кожнай травінкі і каласка як да жывой істоты.
У наш час, у нашым грамадстве прынята ганарыцца сваімі продкамі, калі яны былі з княжацкага роду, з "блакітнай крывёй". Пра просты ж люд ў асноўным маўчаць. А я лічу, што якраз такімі людзьмі, якія з'яўляюцца галоўнымі героямі гэтай паэмы, трэба ганарыцца, трэба помніць пра іх. Менавіта дзякуючы такім Міхасям, Антосям і Ганнам захоўваюцца народныя звычаі і абрады, песні і казкі, душа народа.
Нягледзячы на цяжкія пытанні, якія падымаюцца ў гэтым творы, паэма чытаецца лёгка. Радкі так і льюцца ў аўтара. Разам з сур'ёзнымі размовамі і думкамі герояў здараюцца смешныя здарэнні. З гумарам і жартам апавядаецца пра тое, як Антось кухарыў, як некаторыя дзеці не хацелі вучыцца, пра пчол.
Твор кранае за душу. На працягу ўсяго чытання я перажывала за герояў, спачувала ім у няўдачах і радавалася ў шчасці. І самае галоўнае - такія творы вучаць ганарыцца роднай зямлёй, народам і мовай.