Больше рецензий

elefant

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

29 апреля 2014 г. 00:37

3K

5

Раман Івана Шамякіна “Вазьму твой боль” (1979 г.) ужо адразу пасля яго публікацыі быў прыхільна сустрэты крытыкай і чытачамі. Паводле гэтага твору хутка быў зняты мастацкі фільм, які таксама атрымаў мноства ўзнагарод.
Так у чым заключаецца адметнасць гэтага раману, яго спецыфіка? Даволі просты на першы позірк сюжэт: рабочы аднаго з саўгасаў Іван Батрак плённа працуе і ратуе за сваіх аднавяскоўцаў. Але Іван Шамякін уздымае шырокія праблемы: сацыяльнага развіцця вёскі, маральна-этычныя – адказнасць чалавека перад часам і перад людзьмі. Прычым даволі часта гэтыя разважанні ўздымаюцца да ўзроўню філасоўскіх абагульненняў.
Але нават не гэта было галоўнай ідэяй раману. Даволі часта ў сваіх творах Іван Шамякін спалучае час ваеннага ліхалецця з пасляваеннай паўсядзённай эпохай: “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыятыды”. Не стал выключэннем і раман “Вазьму твой боль”. Узаемадзеянне мінулага і сучаснага мела вялікую ролю ва ўсёй творчасці І. Шамякіна.
Пасля вяртання з Сібіры ў вёску Добрынку былога паліцая Шышкі на сэрцы Івана Батрака становіцца балюча і неспакойна, бо не ведалі пра яго аднавяскоўцы галоўнага – праўды –забойства ў далёкім 1941 г. Шышкай сям’і Івана. Ці могуць такія людзі жыць разам з тымі, хто сумленна і не шкадуючы жыцця працаваў і абараняў краіну? Маюць лі яны аднолькавыя правы з імі? Увесь раман – пакутлівая развага над гэтым няпростым пытаннем.
Мала хто звяртае ўвагу на тое, у які час Іван Шамякін звяртаецца да гэтай праблемы. 1970-ыя гады – той момант у гісторыі нашай краіны, калі на змену людзям, што зведалі ўсе жудасы вайны прыйшло новае пакаленне – са сваімі інтарэсамі і амбіцыямі. Тыя, хто не спазнаў нічога страшэннага і зусім не разумее стрэйшае пакаленне. Падобная акалічнасць яскрава прасочваецца на прыкладзе дачкі Івана Батрака – Валі.
Як жа данесці да ўсіх праўду, калі навокал пастаянна сустракаешся з абыякавасцю і неразуменнем, нават з боку дарагіх і блізкіх сэрцу людзей?!
Іван Шамякін стварыў некалькі варыянтаў фіналу свайго рамана, але ўсе яны заканчваліся смерцю Шышкі, прычым менавіта Тася – жонка Івана Батрака – брала на сябе гэты вялікі боль свайго мужа:

“Тася думала аб непазбежнасці таго, што зрабіла. Каб застаўся Іванаў боль, боль яго памяці, страшна падумаць, што было б з ім. Яна павінна была ўзяць яго боль! Цяпер у Івана будзе другі боль – за яе. Але ад такога болю ёй будзе спакойна, дзе б яна не знаходзілася”.

Раман, які не проста прыемна чытаць, але і паразважаць. “Вазьму твой боль” – адзін з лепшых раманаў для мяне любімага пісьменніка Івана Шамякіна.