Больше рецензий

9 января 2014 г. 01:57

266

3

Ну, Станкевіч, як заўжды, сабе не здрадзіў. Мне здаецца нават, што свет, намаляваны ў "П'яўцы", - гэта найгоршы варыянт развіцця падзей у "Любіць ноч - права пацукоў". У любым выпадку атмасфера і настрой гэтых раманаў надта падобныя. Праўда, у "П'яўцы" няма ніякай надзеі на светлую будучыню. І самі героі гэта ўсведамляюць. Нават у дзеяннях самых апантаных ідэяй барацьбы не відаць намеру звергнуць "людзей-ценяў", змяніць існуючы ўклад жыцця. Усё, чаго яны жадаюць, - гэта паказаць, што супраціўленне існуе, забіўшы каго-небудзь з чыноўнікаў, або ўджаліць доказам. Сама ідэя існавання Сімуляцыі падалася мне цікавай, ды Станкевіч зрабіў акцэнт на падзейны бок, і тут крыху больш тэорыі не зашкодзіла б. Чаго не скажаш пра дыялогі герояў, якія часам нагадвалі сумныя лекцыі. Абцяжараныя ўскладненымі канструкцыямі рэплікі ну ніяк не пасуюць эмацыйнай размове таварышаў пра надзённае.
Хаця і эмацыйнасці героям не стае. Нават каханне паміж Берташам і Мойрай узнікае неяк беспадстаўна, з ніадкуль. Тое ж самае можна сказаць і пра астатніх. Мне не хапала ярка выражаных пачуццяў - нянавісці, адчаю, жорсткасці, якія абавязкова павінны былі з'явіцца пры тым развіцці падзей, што назіраецца ў рамане.
Пры гэтым нельга сказаць, што кніга прайшла праз мяне незаўважна, без эмоцый. На некаторых старонках не абышлося без мурашак па скуры. Рысы грамадства, створанага Станкевічам у "Пяўцы", пачынаюць фарміравацца ў сучасным укладзе жыцця, яны відавочныя. Прычым, калі чытаеш, чамусьці не здзіўляешся гэтаму, а прымаеш як належнае. Ад гэтага страшна яшчэ больш.