Больше рецензий

19 июня 2021 г. 01:09

752

2.5 Гэта было цяжка

Даўно я хацела пачытаць гэтага аўтара, а Навагодні флэшмоб даў магчымасць. Хоць для гэтай кнігі месца ў заяўцы ўжо не хапала, але я ўсё адно вырашыла паглядзець анатацыю, а там ужо зацікавілася і адклала сабе проста так, не для флэшмоба. Што ж, напэўна, гэта была памылка.

Нават не ведаю, ці шкадую я аб тым, што ўсё ж вырашыла пазнаёміцца з гэтым творам.

З аднаго боку, чытаць гэта дзесьці з сярэдзіны стала проста немагчыма. Галоўны герой – Галіп – мякка кажучы, пачаў раздражняць сваімі паводзінамі. Жонка і стрыечны брат зніклі? А займуся я лепш нейкай лухтой, замест таго, каб іх шукаць!

Насамрэч, я нават не была супраць таго, што ён шукае іх сам, без дапамогі паліцыі. У мяне нават у галаве з'явілася лагічнае тлумачэнне сітуацыі: ад Галіпа сышла жонка, а ў тыя часы ў даволі кансерватыўным турэцкім грамадстве за такое яўна па галоўцы не пагладзяць. Вось ён і вырашыў шукаць яе сам, каб не даваць агалоску сітуацыі, пагатоў, што прычын непакоіцца за Рую ў яго не было (ну, ці ўласная рэпутацыя яму важнейшая). А брат перыядычна знікаў у сваіх кватэрах, што за яго хвалявацца.

А вось дзе я стала супраць, дык гэта ў тым моманце, дзе пошукі людзей ператварыліся ў пошукі прыхаваных сэнсаў. Знакі на пакетах, літары на тварах... Магчыма, я дурная і не ўнікла ў глыбінны сэнс, але чытаць гэта не хацелася. Гэтыя разважанні здаваліся мне настолькі бязглуздымі, наколькі і бессэнсоўнымі ў кантэксце твора. З улікам на тое, што гэтая інфармацыя рэальна не спатрэбілася я, відаць, мела рацыю.

Сам Галіп варты жалю – жонка была з ім няшчасная, а ён нават і не хацеў заўважаць. Ды і ўвогуле іхні шлюб з Руяй выклікае пытанні. Яна яго не кахала яўна, Руя была з ім як чужая – цэлымі днямі чытала кнігі, а калі яны хадзілі ў кіно, то шукала вачыма таго, «хто можа змяніць ейнае жыццё». А што Галіп? У кнізе сцвярджаецца, што ён яе кахаў, але я не веру. Як ён яе шукаў (а дакладней, не шукаў), як пераспаў з прастытуткай у працэсе, як на смерць жонкі не паследвала амаль аніякай рэакцыі – ну не верыцца ў такое каханне, хоць забі.

Асобным момантам хачу вылучыць апісанне іхняга агульнага дзяцінства. Магчыма, камусьці падаецца мілым такое апісанне шматгадовага кахання, якое цягнулася з дзяцінства, але мне было дыскамфортна. Руя жыла сабе сваім звычайным жыццём, сябравала, як яна думала, з стрыечным братам (так, тут яшчэ і блізкароднасныя шлюбы), а Галіп тым часам сачыў, як яна размаўляе з іншымі хлопцамі, разглядаў яе і інш. Ну ці не крыпова?

Пад канец стала яшчэ цяжэй, хаця здавалася б, куды ўжо. Галіп са сваёй апантанасцю глыбінным сэнсам стаў настолькі, прабачце, душным, што я хацела адкласці кнігу і не вяртацца да яе. Справа ў тым, што ў адсутнасці нейкай містыкі тут я не сумнявалася ад пачатку, а вось ГГ упарта шукаў яе да апошняга. Калі чытач/ка здагадваецца аб нечым, а герой/іня не, то складаецца не самая прыемная сітуацыя, назіраць за якой без раздражнення амаль немагчыма.

Але хопіць ужо пра «немагчыма», бо лаяцца я магу на амаль кожны аспект кнігі. Аднак, ключавое слова тут «амаль», так што, дзякуй богу, знайшліся рэчы, якія аблягчалі мой працэс чытання.

У першую чаргу гэта Джэляль. Сам персанаж на прамую не прысутнічаў, але прыкладна палова глаў была аддадзеная пад ягоныя артыкулы, і гэта былі найлепшыя і маральна найпрасцейшыя ў чытанні главы. Артыкулы сапраўды цікавыя, як у плане зместу, так і ў сваёй форме. Калі судзіць па іх, то Джэляль прыемны, прынамсі на мой погляд, чалавек. Прыемнейшы за Галіпа ў любым выпадку.

Крыху звязаныя з артыкуламі і яшчэ дзве рэчы, якія я ўпадабала: сама мова твора і інфармацыя пра гісторыю і культуру Турцыі.

Мова, насамрэч, спадабалася з агаворкамі. Яна не ідэальная: часамі крыху перагружаная, а ад дыялогаў перыядычна хочацца закаціць вочы (натуральна, гэта не датычыцца артыкулаў Джэляля). Але ў агульным ўражанне прыемнае, хоць з нязвычкі спачатку было цяжкавата.

Трэба сказаць, што было яшчэ тры артыкулы Галіпа, але яны хоць і лепшыя за асноўны аповед, але ўсё ж дастаткова слабыя і нуднаватыя, як і сам Галіп, зрэшты.

Наконт гісторый пра Турцыю. Яны пададзеныя ўпераблытку з аповедам і ствараюць атмасферу. Вось за што можна пахваліць турэцкіх аўтараў, дык гэта за апісанне Стамбула, пасля якіх адразу хочацца туды паехаць. Шкада толькі, што акрамя апісанняў яны мала чаго могуць прапанаваць.

У агульным і цэлым кніга нашмат больш не спадабалася, чым спадабалася. Вопыт, вядома, займальны, але паўтараць яго жадання няма. Але хочацца даць Памуку яшчэ адзін шанец, бо ёсць у мяне пэўная слабасць да турэцкай культуры.

Пы. сы. Калі-небудзь рускія перакладчыкі перастануць ужываць слова «гамасэксуаліст» замест чалавечага «гамасэксуала». Пагатоў, калі гугл-перакладчык не падманвае, то ў турэцкай мове гэта адно і тое слова, то бок апраўдаць такі дурны пераклад «перадачай арыгінала» не атрымаецца.