Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

30 мая 2020 г. 13:07

140

4

Гэтая кніга, здаецца, нічым не адрозніваецца ад тых дзясяткаў і сотняў зборнікаў паэзіі, якія выходзілі ў савецкай Беларусі. Ёсць тут вершы і пра Леніна, і пра Крамлёўскія куранты, і пра Красную плошчу ў Маскве. Усё як у большасці іншых тагачасных кніг. Але ёсць у зборніку два творы, якія надаюць гэтай кнізе адмысловую каштоўнасць. Гэта невялікія паэмы “Сонца скрозь лісцё” і “Далёкія маланкі”, якія аўтар у гэтым зборніку назваў вершаванымі апавяданнямі. Першая паэма прысвечана памяці мсціслаўскай тройцы паэтаў – Змітрака Астапенкі, Юлія Таўбіна і Аркадзя Куляшова. А другая - Змітраку Астапенку. Як вядома, Таўбін і Астапенка пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў. А з Аркадзем Куляшовым Аляксей Зарыцкі сябраваў з самай маладосці. Дарэчы, яны былі землякамі, паходзілі з Хоцімшчыны.

У маладосці, калі Аляксей Зарыцкі жыў у Бабруйску, да яго напісаў ліст Юлі Таўбін, пахваліў яго вершы і запрасіў у госці. Тры мсціслаўскія паэты жылі разам, здымалі невялікі пайкойчык на ўскраіне Менску. Зарыцкі прыняў запрашэнне Таўбіна, прыехаў у сталіцу і пражыў разам з мсціслаўцамі цэлы тыдзень. Усё жыццё ён з удзячнасцю згадваў гэты цудоўны тыдзень і напісаў пра яго паэму “Сонца скрозь лісцё”.

Любоў, юнацтва і сяброўства наша
Гады не выкрасляць з маёй душы.
Не буду гаварць,
Хто ёсць, каго няма ўжо:
Са мной Змітрок і Юлік, і Аркаша.
Я помню дом на ўскраіне ў цішы.

Затым былі і іншыя сустрэчы. З Таўбіным і Астапенкам яны абарваліся ў 1933 годзе, калі іх арыштавала ГПУ. А з Куляшовым Зарыцкі сябраваў да яго смерці, апошняга з троіцы мсціслаўскіх паэтаў не стала ў 1968 годзе.

Другая паэма “Далёкія маланкі” – гэта паэтычны зварот са словамі ўдзячнасці і любові да паэта Змітрака Астапенкі. Зарыцкаму запомнілася на ўсё жыццё, як Астапенка чытаў яму ў арыгінале вершы аўстрыйскага паэта Ленаў, і нават падарыў яму яго кнігу вершаў, якую Зарыцкі захаваў праз усе ліхалецці, што выпалі на яго лёс.

Ужо маладосць ахінаецца лёгкім замгленнем,
Ды помню сустрэчы з табой ад апошняй да першай,
Як некалі ў коле сяброў ты чытаў з захапленнем
Паэта аўстрыйскага Ленау слынныя вершы.

Дарэчы паэмы Зарыцкага істотна перагукаюцца з нізкай вершаў “Маналог” Аркадзя Куляшова, якая таксама прысвечана паэтам-сябрам Астапенку і Таўбіну.

Гэтыя творы ствараюць прыгожую, светлую гісторыю пра дружбу сяброў, якія разам шукалі “нялёгкага шчасця паэта”.