- Што здарылася? - спытала мама.
- Я не ведаю! - выкрыкнула Кася. - Тут усё зламана і раскідана...
- Не. Што здарылася З ТАБОЙ?
(Кніжка-кніжачка, адна ты мяне шкадуеш (шмыргае носам). Мне... сумна? Страшна? Млосна? Дзякуй, што спытала...)
Гэтая прыгажунька - цвёрдая, мелаваная, пухтаная, кіпцюрастая і неймаверна тэрапеўтычная кніжка. Не першы раз бяру яе са знарок пабудаванай высокай паліцы, гартаю, усміхаюся, вывучаю сябе і сусвет - нанова.
Так, Кусь-Кусяндра вывучае сябе. Цап - і яна даведваецца, што мае кіпцюры. Рррык - і зведвае свой голас, заўважае вострыя зубкі. Мне ў гэты момант кожны раз круціцца галава. Я ізноў у пустэчы чорнага космасу, ізноў нанова вывучаю-ствараю сабе, каб перамагчы небыццё аўтаматызму. (У мяне ёсць цела, і яно баліць. У мяне ёсць страўнік, і яго даўно не кармілі. У мяне ёсць сэрца... Але туды лепей пакуль не глядзець...)
Кусяндра пазнае і сусвет навокал, шукае сабе ў ім месца. Прыслухоўваецца да таго адзінага тук-тук, што ёй так патрэбна. І за колькі кароценькіх сказаў ты паспяваеш палюбіць гэтую дурнічку, трохі блытаючы яе з сабой - вы ж толькі што адначасова нарадзіліся, - і турбуешся: як гэта вам "нідзе не было месца"?!
А потым знаходзіш. А потым разумееш, дзе тут яна, а дзе ты. І праходзіш невялічкую тэрапеўтычную сесію, каб прыняць сабе і зрабіць практычныя высновы. І падымаешся, і ідзеш пыласосіць у разбураным сусвеце.
Што? Гэта для самых маленькіх? СУР'ЁЗНА? Вы мяне прабачце, але гэтую рэч кожнаму даросламу трэба даваць перачытваць хаця б раз на год, а лепей раз на месяц. І ўвогуле, дарослыя маюць права на прыгожыя кніжкі. А мастачка Святлана Міхалап ізноў зрабіла немагчымае: і кніжка - жывая, і кусяндраў - столькі, колькі нас з вамі, шукай сваю на форзацы. А якое тут фарматаванне тэксту! Ён павялічваецца разам з гучнасцю, закручваецца ў спіралі лютасці, крычыць на ўсю старонку "КУСЬ!" Дарослыя таксама маюць на гэта права! (І гэта я не толькі пра кніжку.)
Ну, а дзеткам усяго свету абавязкова: слухаць ад бацькоў, чытаць самім, як навучацца, перачытваць час ад часу. Кніжка - крахатулечка, але той напамін, што яна робіць, неверагодна важны. Мала навучыцца спазнаваць сябе, свае эмоцыі, разбірацца ў сваім стане. Мы забываемся на гэтую справу вельмі хутка. І таму вельмі важна ізноў і ізноў знаходзіць сябе ў скурцы невядомай істоты, якую трэба вывучыць і прывесці дадому.
P.S. Мая Кусяндра, напэўна, ужо рарытэтная - з апошняга накладу спачылага выдавецтва "Кнігазбор". І як гэта ні сумна, ёсць у свеце і надзея (бо ёсць Надзея, хе-хе): Кусяндра жывей за ўсіх жывых і працягвае сваё жыццё ў выдавецтве "Папуры". Шчыры дзякуй, шаноўныя, за прынятую эстафету. Кніжкі павінны жыць і лекаваць - насуперак усяму!