Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

1 июля 2018 г. 22:42

301

4

Гэтая кніга-альбом як бы прадстаўляе Зянона Пазьняка ва ўсіх ягоных творчых іпастасях – і як фатографа, і як паэта, і як празаіка, і як палымянага публіцыста. Штосьці падобнае выходзіла і раней, напрыклад, у 2000 годзе кніга “Глёрыя Патрыя”, якая ўтрымлівала вершы і фатаграфіі; у 2005-ым кніга “Вялікае Княства”, якая аб’яднала паэму, вершы і фатагафіі; а ў 2007-ым кніга “Дарога”, якая таксама ўтрымлівала вершы і фатаграфіі. То бок такі фармат кнігі для Зянона Станіслававіча, можна сказаць, традыцыйны. Фатаграфіі з вершамі глядзяцца і ўспрымаецца добра. Але ўсё ж раздзел з кнігі “Тэрра Дэй”, у якім сабраныя апавяданні, эсэ, успаміны, артыкулы, нарысы, я выдаў бы асобнай кнігай, бо цяжка чытаць вялікія тэксты ў альбомным фармаце, ды яшчэ дробнымі літарамі.

Аднак пра кнігу. Найбольшым адкрыццём для мяне стаў як раз раздзел, які называецца “Апавяданні”, і які аб’яднаў апавяданні, выказванні, эсэ і ўспаміны. Шмат у чым гэтыя апавяданні пераклікаюцца з раманам Пазьняка “Палын-Палын…”, які выйшаў пазьней за “Тэрра Дэй” – у 2016 годзе. Тут ёсць і партыйны работнік, які з вёскі выбіўся ў начальнікі і пачаў адцурацца ад усяго беларускага, і гісторыі са студэнцага жыцця аўтара, калі ў Менску пачалі стварацца першыя моладзевыя нацыянальныя арганізацыі, і нават расповед пра прыватнае жыццё мастака і сябра Пазьняка Лявона Баразны. Такім чынам гэтыя апавяданні сталіся як бы эскізамі для пазнейшага напісання рамана “Палын-Палын…”

Выдатна атрымалася ў аўтара нізка апавяданняў пра каларытных асоб з роднай вёскі Суботнікі і яе ваколіц. Такія яны жывыя, адметныя, і настолькі дакладна прамаляваныя словам, што нібыта іх пабачыў.
А чаго вартая гісторыя пра жанчыну (маці сябра Пазьняка Пятра Шашкеля), якая збегла з лагеру ў Сібіры і дабралася да родных мясцін у Беларусі, каб пабачыць сваіх дзяцей. Колькі такіх геройскіх учынкаў здзеснілі беларусы ў складаным ХХ стагоддзі. На жаль, мы амаль нічога пра гэта не ведаем.

Цікава, што Зянон Пазьняк любіць фатаграфаваць птушак. Вось і ў гэтай кнізе-альбоме шмат фотаздымкаў істот з крыламі. І вершаў ім шмат прысвечана. Відаць, птушкі - гэта для Зянона Станіслававіча адзін з сімвалаў свабоды. Таму прыканцы верш пра крылы.

Будзьце, як птушкі нябесныя,
Сказаў Гасподзь.
І падумаў я:
Вольны той, хто лятае.
І Анёл – вольны.