Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

17 мая 2018 г. 22:17

280

5

Гэтую кнігу чакалі даўно. Уявіці сабе, вядомы пісьменнік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова пры жыцці меў толькі два зборнічкі паэзіі. Проза ў фармаце кнігі выйшла ўжо пасля яго смерці.

Прозу Купрэеў пачаў пісаць у сярэдзіне 90-х. Перыядычна яна з'яўлялася ў часопісе «Крыніца». Гэта былі аўтабіяграфічныя аповесці. Прычым надзвычай шчырыя і ў адносінах сябе, і ў адносінах сваіх крэўных, такія шчырыя, што нават пакрыўдзіўся родны бацька, і аднойчы, падчас візіту пісьменніка на радзіму, не пусціў сына ў хату.

Калі лепшыя аповесці Купрэева былі аб'яднаныя пад адну кніжную вокладку, стала зразумела, што пісьменнік апошнія гады жыцця пісаў адну кнігу. Аповесці не толькі дапаўняюць адна адну, а часам нават і перагукаюцца нейкімі агульнымі падзеямі і героямі, але таксама добра складаюцца разам храналагічна.

Кніга пачынаецца аповесцю «Дзіцячыя гульні пасля вайны», у якой пісьменнік апісаў сваё ваеннае і пасляваеннае дзяцінства. Бадай, гэта самы шчыры, пранікнёны і пачуццёвы твор Купрэева. Праз усю аповесць адмысловым пакутлівым рэфрэнам ідзе згадка пра смерць маці, якую забілі паліцаі пачас вайны ў яго, маленькага хлопчыка, на вачах. Дакладней, яны яе паранілі і закапалі ў зямлю яшчэ жывую. Гэты боль і жах прысутнічаў у душы пісьменніка ўсё жыццё. І ў аповесці Купрэеў як бы спавядаецца перад маці, расказвае, што было далей, калі мамы ўжо не было побач. З любоўю піша пра сваіх дзядоў, якія і выхоўвалі сірату, згадвае сваіх сяброў, піша пра гульні і працу, якой на вёсцы заўжды было шмат і для малых дзяцей. Менавіта гэты твор найбольш абурыў і раззлаваў бацьку пісьменніка. Цяжка зразумець, за што менавіта? Магчыма бацьку падалося, што сын абвінавачвае яго ў смерці маці. У прынцыпе, так і атрымалася, яе забілі таму, што ён пачаў уцякаць у лес, калі паліцаі і немцы прыехалі яго арыштоўваць. Але ніякіх прамых абвінавачванняў у творы няма. Хутчэй за ўсё бацьку, які пасля вайны працаваў дырэктарам вясковай школкі, не падабалася зусім іншае – ва ўсіх творах Купрэева прысутнічае непрыхаваная крытыка савецкага ладу. А гэта ўжо для бацькі, які быў выхаваны за часамі Сталіна, выклікала не проста крыўду і абурэнне, але і страх.

Бадай самай антысавецкай з'яўляецца аповесць «Па вуліцы Карла Маркса з Паэтам». Усе падзеі ў гэтым творы адбываюцца за адзін дзень. Герой аповесці вяртаецца ў родны райцэнтр, дзе яго павінны прыняць на працу журналістам у раённую газету. З гэтай нагоды яму прызначана аўдыенцыя кіраўніком раённага ідэалагічнага аддзела. За героем аповесці увязваецца шчынюк, якога той называе Паэтам, які і робіцца сведкам усіх падзеяў, што адбыліся са старым журналістам, і нават яго абаронцам. Журналіст толькі за тое, што правёў дахаты п'янага аднакласніка, які аказваецца ў маладосьці стаў дысыдэнтам і ў вар'ятні яму ўстаўлялі мазгі, трапляе ў міліцыю, там яго збіваюць, верны сабачка спрабуе сябра абараніць, але паплаціўся за гэта жыццём. Вось такія новыя парадкі сустрэлі героя аповесці ў родным райцэнтры. У райвыканкам журналіст прыходзіць, але пабачыўшы мясцовага ідэолага, хутка сыходзіць з тутэйшага Дома Саветаў і зноў збіраецца з'язджаць з родных мясцінаў.

Пра Міколу Купрэева шырока ў літаратурных колах пачалі гаварыць прыканцы 90-х. Ягоныя аповесці, якія друкаваліся ў «Крыніцы», прыязна чыталіся, абмяркоўваліся, пра іх пісалі крытыкі. Здавался, што адкрыццё пісьменніка адбылося хаця б прыканцы яго жыцця. Але прыйшлі новыя часы, новыя парадкі, новыя літаратурныя расклады. І зноў Купрэеў аказаўлся ў паўзабыцці - нязручны, непрычасаны, незгаворлівы, з пякучым болем у сваіх творах.

Ужо некалькb год як Леанід Галубовіч падрыхтаваў да друку новую кнігу прозы Купрэева, але выдаць яе ў яго ніяк не атрымліваецца.