Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

3 апреля 2018 г. 22:51

392

4

У Беларусі канчаткова згубіўся агульны дыскурс краіны. У любой галіне ўсё размежавана на сегменты, на тусоўкі, на кланы. Цяжка ўбачыць агульнакраёвую панараму. Нават у літаратуры. Калі ты не належыш да нейкай літструктуры - ты выпадаеш у космас. Бо няма ніякай структуры, якая стварае агульную літпанараму. У Акадэміі Навук свае расклады і забароны. У міністэрства культуры (смех у зале) - свае. У дзяржаўных выдавецтваў - свае. Усе жорстка трымаюцца сваёй карпаратыўнасці. Інтарэсы карпарацыі - перадусім. У выніку - мы жывем у краіне крывых люстэркаў.

І яшчэ ў выніку – шмат выдатных пісьменнікаў і мастакоў, якія спачатку нібыта здабылі пэўную вядомасць, але праз нейкі час знікаюць у невараць. Бо былыя заслугі ў нас як бы не лічацца. У нас лічыцца – калі ты ўвесь час на вастрыі літаратурнага жыцця.

Сярод такіх пісьменнікаў, якіх мы незаўважна згубілі – кобрынец Ігар Сідарук. Найбольшай вядомасці ён дамогся ў 90-х гадах як драматург. З вялікім поспехам на сцэне Тэатру нацыянальнае драматургіі «Вольная сцэна» ішаў спектакаль па яго п'есе «Галава». Пастаноўка Брэсцкага тэатра лялек “Залатая табакерка”, створаная Сідаруком паводле беларускіх народных казак, — у 2001 годзе займела Гран-пры на Міжнародным тэатральным фэсце “Белая Вежа”. Пра ягоныя драматургічныя дасягненні напісала цэлую даследчую працу польская літаратуразнаўца Бэата Сівэк, якая была надрукавана ў яе кнізе “Укрыжаваная вольнасць”, прысвечанай сучаснай беларускай драматургіі.

Менш вядомая паэзія Сідарука. Усе тры яго кнігі выходзілі практычна ў андэграўдным выданні, у прымітыўным паліграфічным выкананні. Зборнік “Моўкнасьць” выдаў берасцейскі выдавец Сяргей Лаўроў. Ён цалкам складаецца з верлібраў. І калі дзве ранейшыя паэтычныя кнігі Сідарука адрозніваліся буфанаднасцю, чорным бурлескам, нават брутальнасцю. То “Моўкнасць” – абсалютная ім супрацьлегласць. У анатацыі да кнігі гэтыя вершы ахарактарызаваныя наступным чынам: “празрыстая разняволенасць, прыцішая інтанацыя, спроба выклікаць асацыятыўную вобразнасць някідкімі выразнымі сродкамі.” Увогуле гэтыя верлібры не падобныя ні на Танкаўскія, ні на Разаўнаўскія. Хіба іх можна параўнаць з верлібрамі менскага расейскамоўнага паэта Валерыя Ліпневіча, але наўрад ці Сідарук ведаў пра яго і чытаў яго вершы. Ну і, канешне, варта тут згадаць Надзею Артымовіч. Магчыма, гэта як раз яе ўплыў.

Усе вершы ў зборніку напісаныя ў 1995 годзе. Другая частка кніга складаецца з нізкі “Ластаўка”. Вершы з гэтай нізкі можна аднесці для любоўнай лірыкі. Вельмі нечаканыя, вельмі шчырыя, часам вельмі эмацыйныя.

… а яшчэ я табе раскажу
як закахаўся ў цябе
як баяўся й лісты хаваў
што пісаў ноччу
і чытаў
сабаку
а ён –
(замест тваіх пацалункаў) –
твар мне лізаў…

“шкада – гаварыў ён, -
шкада, што ні ты…
ні яна..
што ніколі
бо тут
нават “ніколі” ўжо сэнсу ня мае…”

Шкада таксама, што гэтыя вершы застаюцца як бы ў архіве, што яны не запатрабаваныя ані выдаўцамі, ані чытачамі. І па-ранейшаму Ігар Сідарук вось ужо другое дзесяцігоддзе бойдаецца ў космасе і чакае вяртанне на Зямлю. Са сваімі кнігамі, са сваімі творамі.