Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

10 февраля 2018 г. 14:01

227

5

Гэтай сваёй кнігі Віктар Слінка чакаў 10 гадоў. Папярэдні ягоны паэтычны зборнік “Штольні вясны” пабачыў свет у 2001 годзе, быў цёпла сустрэты і нават атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Крытыкі адзначылі ў вершах Слінкі высокую паэтычную культуру і ўпартае нежаданне арыентавацца на нейкія новыя павевы і моду ў найноўшай беларускай паэзіі. У новай кнізе паэт застаўся верным сваім ранейшым прынцыпам і перакананням. Пра гэта ён добра напісаў у адным з вершаў

Мне падабаецца быць свабодным,
Даволі прыгожым і старамодным,
З чорным вінілам, цёмным кагорам,
Светлай кашуляй і лабрадорам
На ланцужку на шпацыры павольным.

Увогуле паэт дзіўна назваў сваю трэцюю кнігу. Арахна – гэта гераіня грэцкай міфалогіі, якая палічыла, што дасягнула такога майстэрства ў ткацтве, што можа выклікаць на спаборніцтва саму багіню Афіну, якая лічылася апякункай гэтага рамяства. Скончылася гэтае спаборніцта тым, што Афіна ператварыла Арахну ў павука. Прычым, Афіна прызнала майстэрства суперніцы, але абурылася вальнадумству сюжэта - Арахна выткала сцэны з прыватнага жыцця Зеўса.

Ёсць у зборніку і вершы пра Арахну, у адным з іх чытаем такія радкі: «Ды помняць толькі музыка – і верш, Які ты ёсць, які ты – насамрэч.»

Паэт як бы кажа пра марнасць спрэчак паэтаў: хто лепшы і хто першы? Гэта ведаюць толькі самі вершы і Багі, якія могуць за пыху і спрэчкі ператварыць важніка ў павука. А ў іншым вершы пра Арахну паэт кажа: «Яшчэ Жыццё не навучылася ў сябе Аратым быць і госцем – на сяўбе».

Такім чынам адна асаблівасць паэзіі Віктара Слінкі на паверхні – гэта філасафічнасць. Паэт не проста малюе нейкія краявіды, або гісторыі, піша пра пачуцці, або думкі – ён імкнецца спазнаць іх сутнасць, адкрыць нейкія таямніцы, якія бачныя не ўсім.

Кніга да таго ж утрымлівае адну з найлепшых паэмаў, напісаных беларускімі паэтамі напачатку ХХІ стагоддзя – «Жбан, вада». Выдатная знаходка самога вобразу жбана – кожны чалавек як жбан, калі ён не ўтрымлівае нейкага карыснага змесціва – ён па-просту не мае сэнсу.

Вось і паэт, калі хоча нешта сказаць іншым, ён мусіць у сябе нешта мець – нешта асаблівае, нешта карыснае, нешта важнае.

«Ідзі ж, плыві... Без жбана не адпіць Тугі і скрухі.»