Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

1 декабря 2017 г. 21:17

892

4

Хрысціна Лялько, якая з’яўляецца заснавальніцай і куратаркай кніжнай серыі “Бібліятэка часопіса “Наша Вера”, прапанавала Ніне Мацяш выдаць яе зборнік вершай у сваёй кніжнай серыі не проста так. Вершы белаазёрскай паэткі сапраўды вельмі духова моцныя. У іх няма жальбы і нараканняў – ані на ўласны лёс, ані на лёс роднай краіны.

Любоўю толькі можна стому,
Жыццё і скон свой апраўдаць.

Гэтыя радкі паэткі бадай з’яўляюцца галоўнымі ў вызначэнні зместу зборніка.

Паэтка, якая з маладосці была прыкаваная да інваліднага вазка, падбадзёрвае сваіх суграмадзянаў:

Не знемагайма ў адчаі сябры,
Не знемагайма.
Сцюжа люцее на нашым двары:
Пры вогнішчы духу чувайма.

І яшчэ адна асаблівасць паэтыкі Ніны Мацяш – гэта філасафічнасць. Тут яна блізкая нават да свайго земляка паэта Алеся Разанава. У вершы “Воран кружыць”, паэтка апавядае, што яна прайшла паўзямелькі, каб адшукаць якую чараўніцу, якая б яе паратавала ад варання. І нідзе такой не знайшла. Бо і чараўніцы па сонцу тужаць. “Бо над кожнаю душой свой воран кружыць”. То бок, паэтка кажа, што няма ідэальна шчаслівых людзей, у кожным лёсе прысутнічаюць праблемы і беды, страты і роспач. Усе жывуць пад адным сонцам.

Ну і бадай самая істотная асаблівасць паэзіі Ніны Мацяш – вельмі высокая моўная культура. Паэтка, якая выдатна ведала некалькі замежных моваў, у тым ліку францускую, ангельскую, нямецкую і польскую, дасканала арыентавалася ў сваёй роднай. Вельмі арганічна яна ўжывала ў сваіх вершах неалагізмы і архаізмы. Бадай з паэтаў яе пакалення мала хто меў такое ідэальнае пачуццё роднага слова.

І бадай ніхто ў беларускай літаратуры не напісаў так мужна, па-філасофску і па-беларуску, пра смерць:

Канчаецца ўсё шчасліва, -
Шчаслівы ў казак канец, -
Заснеш пасяродку нівы,
Спакоены ўрэшце жнівец.