Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

30 ноября 2017 г. 15:02

1K

5

Раіса Баравікова – бадай на сённяшні дзень адна з самых таленавітых лірычных паэтак Беларусі. Яе можна параўнаць хіба што з Яўгеніяй Янішчыц. Але што тычыцца жаночай лірыкі кахання, то іншай падобнай паэткі ў беларускай літаратуры проста няма. Дзяўчынкай з Палесся на пачатку 60-х яна трапіла ў вірлівае літаратурнае жыццё. Вучылася ў літінстытуце ў Маскве. Працавала ў літаратурных перыёдыках. Працяглы час узначальвала часопіс «Маладосць». Такім чынам, была ў самым эпіцэнтры літаратурнага працэсу краіны. Паэтцы на свой лёс не выпадае наракаць – яе творчасць была высока ацэнена, яна атрымлівала прэстыжныя прэміі, яе зборнікі выходзілі ў палепшаным паліграфічным выкананні, ілюстрацыі да яе кніг маляваў сам Мікола Селяшчук.

Дачакалася Раіса Баравікова і кніг выбранага ў прэстыжных серыях. Адна з іх пабачыла свет у 1997 годзе і мае лірычную назву “Сад на капялюшыку каханай”. Гэта зборнік лепшых лірычных вершаў паэткі, якія былі напісаныя ў ХХ стагоддзі. Але пры ўсёй лірычнай аснове паэтыкі Баравіковай, яе вершы таксама ўтрымліваюць і значны філасофскі складнік. Па-першае, паэтка не збіваецца на агульныя месцы і паўтарэнні банальнасцяў. Яе радок заўжды свежы, з цікавымі паэтычнымі адкрыццямі. А па-другое, тут чытач знойдзе шмат мудрых думак і разваг. Напрыклад, як у гэтым вершы:

Як часта ў свеце, бы ў бязладнай хаце,
перад якою госцяю стаю,
бяссрэбранік гаворыць пра багацце,
а хцівы пра нішчымніцу сваю.
Пакрыўджаны глыбеў хавае слёзы,
бяздушны – непрыязі пачуццё...
Няма фальшывых, што жывуць бяз позы...
ёсць свет і розны погляд на жыццё.

Раіса Баравікова доўгі час трымалася ў баку ад палітычных падзеяў у Беларусі. Заўжды казала: я проста жанчына, якая піша вершы. Паэтка была вымушана ўступіць у праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, бо ўзначальвала дзяржаўны часопіс “Маладосць”. Але, як кажа мудрая прымаўка, калі ты не займаешся палітыкай, дык палітыка зоймецца табой. У сярэдзіне 10-х гадоў Раіса Баравікова зазнала сапраўдную траўлю. Камусьці не падабалася, каго і што яна друкуе ў часопісе “Маладосць”. Іншаму, што яна таленавітая і шануемая чытачом. Былі і такія, што ўпікалі паэтку за... беларускую мову. Пасыпаліся ананімкі. Баравікова была вымушана развітацца з часопісам і гучна выйшла з Саюза пісьменнікаў Беларусі. У адным з інтэрв’ю з гэтай нагоды яна сказала: "Беларусь — наша зямля, наша бацькаўшчына, беларуская мова — дзяржаўная. І ніхто не мае права яе зневажаць і зневажаць тых, хто на гэтай мове піша."