Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

12 ноября 2017 г. 00:42

136

4

Прыканцы 80-х беларуская літаратура ўяўляла сабой непарушны маналіт. Не існавала ніякіх плыняў, практычна не існавала эксперыментальнай і мадэрнісцкай літаратуры, за выключэннем твораў асобных самотнікаў, такіх як, напрыклад, Алесь Разанаў.

Напачатку 90-х адбыўся сапраўдны выбух – моладзь пачала запаўняць вольныя нішы, гроты і адгалінаванні. Адбывалася гэта пераважна ў самым мабільным жанры – паэзіі. Але толькі нядаўна абрынулася апошняя фартэцыя ў празаічным жанры рамана. Адзін за адным пачалі выходзіць постмадэрнісцкія і эксперыментальныя раманы маладых празаікаў – Аляксея Талстова, Іллі Сіна, ну і, натуральна, Чынгачгука беларускай мадэрнісцкай літаратуры Зміцера Вішнёва. “Замак пабудаваны з крапівы” - эксерымент №2. Эксперымент №1, “Трап для сусліка”, выйшаў у 2002 годзе і быў названы беларускімі крытыкамі і літаратуразнаўцамі першым беларускім постмадэрнісцкім раманам.

“Замак пабудаваны з крапівы” больш складаны за папярэдні, які вызначаецца перадусім стылістычна. Эксперымент №2 ужо шматузроўневы. Пры ўсёй яго мазаічнасці і кавалкавасці, у творы недзе там глыбока, пад пластамі рэфлексіяў, пульсуе мастацкая звышзадача – на запацелым шкле быцця напісаць сваё імя. Хаця б на некалькі секундаў.

Калі ў “Трапе для сусліка” Вішнёў па-дзіцячы цвяліў сваіх старэйшых калег па літаратурным цэху. Дык у “Замку пабудаваным з крапівы” аўтар звяртаецца перадусім да самога сябе. З сябе смяецца, малюе на сябе карыкатуры, выносіць сам сабе разгромныя характарыстыкі і кпіць з розных уласных хібаў.

Многія старонкі раманы паўсталі як рэфлексіі свайго знаходжання ў доме мастакоў “Тахелес” у Нямеччыне. Аўтар рамана ў хвіліны шчырасці неаднойчы прызнаецца, што не прымае той ролі, якую адводзяць сябе людзі культуры ў нямецкім грамадстве. Вішнёў іранізуе над нямецкімі наведнікамі дома мастакоў, над іх выказваннямі, паводзінамі, памкненнямі. Народжаны ў Савецкім Саюзе беларускі мадэрніст не вельмі спяшаецца залічыць сябе да стайні класічнага еўрапейскага мадэрнізму. Штосьці яму тут перашкаджае і аўтар спрабуе дакапацца да гэтых прычынаў.

У творы шмат цікавых моўных знаходак і незвычайных вобразаў, але хапае і штампаў, моўных недакладнасцяў і агульных месцаў. Лірычны герой рамана спрабуе разважаць і пра гісторыю Беларусі, і пра сучасны стан дзяржаўнага ўладкавання краіны і нават прызнаецца, што некалькі разоў трапіў у турэмную камеру на Акрэсціна. Праўда, гэтыя рэалістычныя мясціны не з’яўляюцца лепшымі старонкамі кнігі. Куды лепш у Вішнёва атрымліваецца маляваць замарожаных бабуляў, або сантэхніка, які з’яўляецца невядома адкуль і невядома для чаго.

Будзе ці не гэты раман ляжаць у падмурку беларускай літаратуры пакуль невядома. Але тое, што “Замак пабудаваны з крапівы” трапіць у гісторыю айчыннага краснага пісьменства, як узор беларускай мадэрнісцкай прозы пачатку ХХІ стагоддзя, дык пра гэта можна казаць з пэўнай доляй упэўненасці.