Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

22 октября 2017 г. 23:31

102

5

У сярэдзіне 10-х адзін за адным пачалі выдаваць зборнікі сваёй выбранай паэзіі паэты тутэйшаўскага прызыву. Як раз у гэты час многія з іх дасягнулі 50-гадовага ўзросту і гэтымі кнігамі як бы падводзілі пэўны вынік сваёй паэтычнай творчасці.

Хіба першым гэты працэс распачаў Эдуард Акулін, выдаўшы сваё прыгожае выбранае “Святая ноч” у 2013 годзе.

І вось выбранае з’явілася ў Міхася Скоблы. Кніга выйшла ў серыі “Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў” і мае назву “Камізелька для месяца”. Прадмову да кнігі напісаў Уладзімір Някляеў. Сярод іншага ён адзначыў: “Але найбольш мне даспадобы, што ў вершах Міхася Скоблы няма таго, што мне ніколі не падабалася і што ў найноўшыя часы стала ледзьве ня модай у вершаскладанні: нямашака ў яго сцёбу і ўяўнай глыбакадумнасці”.

Гэтыя словы азначаюць, што Міхась Скобла паэт класічнай беларускай паэтычнай традыцыі, якая ідзе ад Янкі Купалы. У беларускай паэзіі ёсць некалькі паэтычных традыцый. Напрыклад, ад Максіма Багдановіча, або ад Алеся Разанава. Але, відавочна, магістральнай праз усё ХХ стагоддзе была традыцыя Купалы. У чым яе асаблівасць? Перадусім у значным грамадзянскім гучанні. Нездарма сённяшнія рок-музыкі зноў пачалі актыўна пісаць песні на вершы Купалы. Згадайма хаця б гэтыя купалаўскія радкі з песні гурта Brutto:

Чым асвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Не быць скотам.

Гэтыя словы з новай сілай адгукнуліся болем і суперажываннем у сэрцах мільёнаў людзей.

То бок купалаўская традыцыя шчыльна звязаная з тымі падзеямі, якія адбываюцца ў роднай краіне і вакол яе, з марамі, перажываннямі і спадзяваннямі народа. Таму абсалютна зразумела, што ў кнізе Скоблы вы знойдзеце вершы на самыя сучасныя гарачыя тэмы, напрыклад, пра трагічныя падзеі ва Украіне. Адзін з вершаў нават прысвечаны “Памяці Міхася Жызнеўскага”.

Але пры ўсім гэтым Міхась Скобла вельмі лірычны і так бы мовіць заглыблены ў агульначалавечую культуру паэт. Яму блізкая паэзія суседзяў – украінская, польская, расейская, літоўская. Нездарма ў гэтую кнігу, істотна пацясніўшы свае вершы, паэт уключыў раздзел перакладаў. Тут і Галчынскі, і Ліна Кастэнка, і Стус, і Сяргей Аверынцаў. Для Скоблы паэзія – гэта хутчэй агульначалавечы свет прыгажосці, гармоніі і суладнасці.

Ну а тое, што гэты свет не нараджаецца сам па сабе, а яго трэба выхоўваць з дзяцінства, Скобла таксама добра разумее. Нездарма так часта сустракаецца з дзеці ў школах. Таму і ў гэтай кнізе ёсць пляцовачка для наймалодшых чытачоў. У выбранае паэт уключыў падборку вершаў са сваёй дзіцячай кнігі “Камень-перунок”. Такім чынам, чытаем усёй сям’ёй.