Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

7 октября 2017 г. 11:19

57

4

Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, якое паўстала ў другой палове 80-х, неаднойчы выступала з рознымі ініцыятывамі і заклікамі. Некаторыя з іх засталіся проста ружовымі марамі маладых пісьменнікаў. А некаторыя часткова былі рэалізаваныя. Імкнучыся ўзняць цікавасць да беларускай літаратуры, лідары «Тутэйшых» заклікалі маладых творцаў павярнуцца тварам да чытача і напісаць хаця б па адным творы ў жанры, які тады карыстаўся вялікай папулярнасцю, – дэтэктыва. І сапраўды напачатку 90-х пабачыла свет шэраг кніг, якія мелі прыгодніцкі дэтэктыўны сюжэт. З тых часоў бярэ выток і проза Людмілы Рублеўскай. Напісалі дэтэктывы Алесь Усеня, Максім Клімковіч, Уладзімір Сцяпан...

Адгукнуўся на заклік «Тутэйшых» і пастаўскі пісьменнік Алесь Касцень. У 1992 годзе ў пастаўскай друкарні пабачыла свет кніга з вострасюжэтнай аповесцю «Золата дзядулі». Бадай, гэта самая вядомая кніга Алеся, яна выйшла ў мястэчку накладам у 1000 экзэмпляраў і, відаць, у Паставах яе прачытаў кожны, хто не забыўся на літары. Сюжэт аповесці не назавеш мудрагелістым і па-дэтэктыўнаму заблытаным. Галоўнаму герою Антону дасталася багатая спадчына ад дзядулі – дзесяцірублёвыя царскія залатовікі – 241 манета. Чуткі пра гэты скарб упарта хадзілі ў мястэчку і ваколіцы. Розныя мясцовыя і прыезджыя зладзюгі спрабавалі тым скарбам завалодаць. У выніку Антона забілі. А скарб здолеў адшукаць ягоны сябар Сяргей. Але і ён не змог утрымаць у сваіх руках золата дзядулі Антона. Яно знікла.

Гэты твор перадусім, я думаю, цікава было чытаць менавіта пастаўчанам. Відавочна гісторыя, якую пісьменнік распавёў у аповесці, мае пад сабой рэальныя падзеі. Да таго ж жыхар Паставаў на кожнай старонцы пазнаваў сваё мястэчка – яго тапаніміку, нейкіх адметных асобаў, розныя ўстановы і проста мікраклімат райцэнтра. І калі кажуць, што няма рэгіянальнай літаратуры, то я ўсё ж запярэчу і скажу, што яна ёсць.

Праўда, у заходнім цывілізаваным свеце сюжэт гэтай аповесці цяжка зразумелы чытачу. Чаму ўнук мусіў хаваць золата дзядулі ў зямлі як скарб? Чаму ён не мог неякім чынам скарыстацца сваім золатам і нават баяўся камусьці яго паказваць? Заходняму чытачу абсалютна не зразумела, чаму спадчыннае золата хавалася як нейкая крымінальная здабыча? А ўсё проста. За савецкім часам прыватна прадаць золата можна было толькі нелегальна на «чорным рынку». А гэта значыць, рабіць крымінальнае правапарушэнне. Таму Антон, фармальна вельмі багаты чалавек, быў вымушаны зарабляць сабе на жыццё качагарам у кацельнай. І варта яму было прадаць пару залатовак мясцовай жанчыне, як няшчасце адразу загрукала ў дзверы.

Але для беларуса гэты твор абсалютна зразумелы і тутэйшы чытач адразу прыгадае падобную гісторыю, якую ён чуў ад сваіх бацькоў – пра золата свах продкаў, якое трэба было надзейна хаваць.