Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

4 октября 2017 г. 20:27

165

4

Доўгі час для мяне гэты арыгінальны творца быў загадкаю. Мне падавалася, што ён гуляе ў нейкую штучную філасофскую гульню пад назваю «Мяне няма». Часам ягоныя выказванні раздражнялі, падаваліся несур’ёзнымі ці нават блюзнерскімі. І толькі праз нейкі час я зразумеў, што Акудовіч — класічны беларускі пострамантык. Заўважце, ён шукае адказы на традыцыйныя пытанні: пра наканаванне і прызначэнне чалавека, пра гуманізм, пра лёс нацыянальнай культуры, пра жыццё і смерць, пра грэх.

Новыя адказы, адпаведныя новаму часу.

Менавіта з кнігі «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», якая пабачыла свет у 1998 годзе ў кніжнай серыі «Бібліятэка часопіса «Фрагмэнты», аб Валянціне Акудовічы на поўным сур'ёзе загаварылі таксама і як аб філосафе.

Песімізм Акудовіча — ад пачуцця адзіноты, якое абвастрылася напрыканцы стагоддзя і новым выпрабаваннем завярэдзіла душу. «Кожны побач — прыкрая недарэчнасць». Пра гэта добра пісаў Герман Гесэ ў аповесці «Кнульп» яшчэ ў 1915 годзе. Акудовіч не верыць у Бога (пра што неаднойчы пісьмова прызнаваўся). Але ён усё адно трошкі Кнульп. Ён імкнецца выбавіць чалавека з путаў «агульных месцаў» і «аблуды традыцыі».

Песімізм Валянціна Акудовіча роднасны песімізму Васіля Быкава.

Чамусьці ніхто не заўважыў, што Акудовіч у сваёй праграмнай рэчы «Хто я? альбо Мяне няма, не было, ня будзе» руйнуе еўрапейскі экзістэнцыялізм. Ад гэтага нядаўна моднага ў Беларусі філасофскага вучэння Акудовіч не пакідае каменя на камені. Пастулаты Гайдэгера, Сартра, Камю яму падаюцца бясплоднымі. Бо каму яны адрасаваныя? «...Недарэчна пытацца пра таго, каго няма — хто ён?. Трэба пакінуць гэтую вярэду назаўсёды і болей ня думаць пра адказ на пытаньне хто я?, а думаць пра іншае пытаньне?»

І ячшэ — рэфрэн, як прысуд:

«Я-чалавек ня можа сам зь сябе аб’явіцца.
Я-чалавек ня можа існаваць сам у сабе.
Я-чалавек ня можа быць сам сабой.
Я-чалавека няма».

Што гэта за новыя пытанні, пра якія мы мусілі б думаць? Акудовіч пра іх маўчыць.

Адмаўляючы я-чалавека, ці не прадбачыць Акудовіч набліжэнне Вялікай Эры Усходу?

Герман Гесэ з-за сваёй творчасці меў вялікія праблемы на радзіме, быў вымушаны эміграваць у Швейцарыю. Акудовічу эміграваць няма куды.