Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

2 октября 2017 г. 21:07

75

4

Паэтычную кнігу Валянціны Аксак “Дзікая сліва” можна назваць працягам папярэдняй ”Ружоўніцы”. Ці не асноўнымі героямі гэтых кніг з’яўляецца бацькоўскі сад і матчыны кветнікі.

Новая кніга напісана цалкам вольным вершам – верлібрам. Прычым, калі ў ранейшых кнігах верлібр паэткі хутчэй быў падобны да паэтычнай прозы, то цяпер ён стаў надзвычай лаканічным і часам нагадвае японскую паэтычную традцыю, дакладней паэтычную форму – хоку і танка. У такіх вершах ужо не апавядаецца нейкая гісторыя і не малюецца шматпланавы малюнак. У іх – нечаканая думка, раптоўнае пачуццё, графічны малюнак з некалькіх рысаў, пробліск успаміну.

ЗМЕНА ЖАНРУ

Смерць –
гэта калі кіно
ператавараецца
ў фатаграфію.

І яшчэ адно адрозненне “Дзікай слівы” ад ранейшых кніг паэткі – яна вельмі асабістая. Тут практычна няма вершаў на абстрактныя, або на агульнафіласофскія тэмы. Затое ёсць: пра бабулю і дзеда, пра маці і бацьку, якіх бадай найбольш у кнізе, пра мужа, пра сыноў і пра ўнука. Такім чынам, гэтую кнігу Валянціны Аксак можна назваць паэтычным дзённікам.

Што яднае “Дзікую сліву” з ранейшымі, дык гэта духоўная арыентацыя ўсёй паэзіі Аксак. Здаецца, у гэтых вершах няма прамога рэлігійнага зместу, ды і імя Хрыста згадваецца ў кнізе ўсяго некалькі разоў. Але не цяжка заўважыць, што большасць вершаў пазначаны "хрысціянскім маркерам" – ці назвай якогасьць хрысцінскага свята, ці алюзіяй на біблейскі сюжэт, ці спавядальнай інтанацыяй.