Больше рецензий

28 мая 2017 г. 13:18

58

5

МІКОЛА АДАМ "ВЯЗЕНЬ ЗАМКА АДЗІНОТЫ"

(пра апавяданне з кнігі)

Адзінае, што мяне засмуціла – няўдалая, прэсная назва апавядання. Зусім як які артыкул у раённай газеце.
А само апавяданне – смак.
І тэма – тэма выключная па нашым часе: адзінота чалавека мастацкага ў грамадстве спажыўцоў.
Ёмка і хораша. З лёгкай іранічнай усмешкай, з паглядам на самога сябе як ахвяру, але ў той жа час гэта самая ахвяра і вызначае свой ахвярны лёс.
Няма плаксівасці, няма сузірання свайго лёсу як на шлях крыжовы – ёсць філасафічная спроба разабрацца: чаму сярод людзей застаецца чалавек адзін.
Зразумела, што фармат апавядання, ды яшчэ такога кароткага – палова старонкі газетнай – не дасць аніяк адказаць з усёй глыбінёй на пытанне. Зрэшты, Мікола Адам і не імкнецца адказаць. Ён як быццам і ведае гэты адказ, яго герой ніколечкі не здзіўляецца, што застаецца адзін. І ў гэтым веданні раптам адчуваецца унутраная сіла “маленькага чалавека культуры”, які закінуты ў правінцыю нешта такое культурнае “несці ў масы”.

У апавяданні – толькі згадкі пра ўсе праблемы, а як добра акрэслены яны кароткімі штрыхамі-эпізодамі. Тут работы на добры раман...
Герой Міколы Адама асэнсоўвае сваю ролю “вязня адзіноты”. Ён бачыць і ўзнагароду за сваю ролю – такую, якую відно адно яму самому. І гэта ўзнагарода – пекная прыгажуня – вартая ўсіх яго пакутаў.

Здаецца, усё зразумела. Роля і мэта. Але апошнім сказам цалкам разбурае Мікола Адам гэтае сфарміраванае вякамі разуменне творчасці як абавязку перад грамадствам.
Божы дар раптам прадстае ў выглядзе Божае кары.

І бясконца слушна гучыць апошняе пытанне: за што?

Валеры Гапееў