Больше рецензий

3 ноября 2016 г. 20:59

167

5 Як я з жахамі мірылася

За нараджэннем "1813" я назірала з моманту старту краўдфандынгавай кампаніі. Прачытаўшы ў сацсетках пра ідэю першага беларускага зомбі-хорара, чамусьці вельмі ўзрадавалася, хоць жахі і не чытаю - баязліўка я. Потым дайшло, што там яшчэ і галоўны герой - Агінскі, вядомы ў нашых мясцінах дзеяч. Ну нічога сабе, таварышы! Прымусіць князя, кампазітара і палітыка лётаць за мерцвякамі - гэта шыкоўна! Ды й вельмі своечасова: адзін крок - і мы ўжо на ўзроўні сучасных знакамітых амерыканцаў, іхнія знакамітасці даўно ўжо нячысцікаў ганяюць у кіно ды літаратуры. Дачытаўшы да апісання месца дзеяння (мой родны горад? ШТО?), я нарэшце зірнула на прозвішча аўтара. Ну нічога сабе! Валодзя! Мы ж у адным літклубе творыкі пачытвалі колькі гадоў таму! Ды я ад аднаго яго фантастычнага апавядання дагэтуль спаць баюся. Ой-ой, там у кнізе акрамя навэлы "1813" яшчэ й апавяданні бонусам, напэўна ж і ЯНО будзе! Ну, гэта... Shut up and take my money, ці як там кажуць.

1813

Ледзьве дачакалася: грошы сабралі, справа закруцілася, кнігу нават раней за старт продажу атрымала па электронцы (цяпер папяровую чакаю, ды з аўтографам ^_^) і хутчэй-хутчэй залезла пад коўдру з чыталкай. Баюся жахаў, пасля Кінгу з ягонай Цёмнай Вежай ніводнага ў рукі не брала і наўрад ці вазьму яшчэ калі. Але ж тут сваё, роднае, цікава ж! Пакінула святло ў пакоі, каб зусім не ашалець.

Пачатак не надта напалохаў, затрывожыў кропельку, а там ужо і забылася пра сваю перасцярогу. Куды мне! Тут гісторыя ажыла, тут родныя мясціны пасля Напалеонаўскай вайны, разбураныя, знявечаныя... Яно ж усё так і было - і робіцца балюча, і хочацца ганарыцца, ведаючы, які прыгожы горад паўстаў на ўсіх гэтых пажарышчах не адной вайны.

Але ж, чытаю далей. Трывожныя званочкі то ў адным месцы, то ў другім. Крыху містыкі - не, ну а што, усё на сваім месцы, не падкапаешся. Першыя здарэнні... непаразуменне... жахлівае ўсведамленне... барацьба! Перамога розуму над моцнымі і жывымі пачуццямі (о, як я люблю, калі без зацягнутых саплей, раўнёханька колькі трэба!), адкрыцці, вынаходніцтвы. Кляштар і неміласэрна дамаляваныя розумам падзеі там, дзе літасцівы аўтар змаўчаў... як ён красамоўна маўчыць, проста жах. І праўда, я ж жахі чытаю. Але далей, далей! Жарсці напаляюцца, трэба вырашаць хутка і жорстка. План! Выкананне - о, як разумна, а я б тут пэўна лішняга ляпнула... Але што ж будзе з гэтага ўсяго?? Бойка! Надзея! Ах ты ж халера(( Не губляцца, наперад, хутчэй! Думай, вырашай, часу ўсё менш...

Неяк так гэта адбывалася. Нават і не ведаю, як без большых спойлераў далей распавясці. Узрадаваў герой - жывы, пільны, не супермэн, ужо і здароўе не тое, але розум і натхненне працуюць на поўную. О, гэты момант з выліццём пачуццяў на паперу! Ды пофігу на гэты бардак навокал, калі ўнутры ўсё гарыць і патрабуе чыстага аркуша! Ой як разумею!!! І дзядзька малайцом, мне б такога! Яшчэ прымусіў панервавацца і да замірання сэрца здзівіў Халматаў. М-м-м, ахвяры, і такія шчырыя! Мая павага! І, нарэшце, фінал, пасля якога ўсю ноч варочалася і перажывала, як там усё абышлося. Во блін, а навэлу я за ноч і дабіла. Яшчэ б столькі! Што было далей, пасля выбуху? Як выжывалі, як адбудоўваліся? Што зрабілася з дэ Пірэ і ці ціха пад Смаленскам? Што з астатнімі чальцамі пошукавага атрада? Ці дайшоў хто жывым да Францыі? Ці... нежывым?? Такая прастора, вось хадзі цяпер і думай. Бррр!

Але затое сама дадумала, чаму афіцыяльна (ну, па гісторыі), Агінскі ў Маладзечна прыехаў толькі ў 1814. Таму што за гэты час прыбралі сляды падзей, скляпалі афіцыйную версію (без зомбі, зразумела), а яго там быццам і не было зусім. Ахвяры дадалі да ваенных - і цішыня. Таму мы нічога з падручнікаў і не ведаем)))

Апавяданні

Праз пару дней крыху адышла і ўзялася за апаваданні. Такая смаката! Вось каму-каму, а Садоўскаму я б за іх абавязкова якую-небудзь прэмію ўляпіла і поўныя кішэні грошай, і з плакатам пастаяла б пад вокнамі "Валодзя, пішы яшчэ!" Кожнае цікавае, асаблівае, са сваёй таямніцай. Віват, Майстра!

Забі гэта

Старажытны Рым і іншапланецяне? А чаму б і не! Вы яшчэ падзякуеце гладыятару Ксенасу за тое, што ён зрабіў для чалавецтва. Дагэтуль трасецца ў сярэдзіне ад яраснага "Здохні!"

Звычай

Дурная казка - так я заўсёды пра гэта думала. Ці дурная прытча, можа. А што калі яна вернецца ў рэальнасць? Што, калі гэта будзе неабходнасцю пасля апошняй вайны? Балюча ад адной думкі. Але ўсё ўнутры ператраслося ад іншага. Ад горада. Божачкі, гэта ж усё...

Як у старыя добрыя часіны

Яшчэ адна вельмі жывая замалёўка пастапакаліптычнага свету. Аж дыхаць балюча было. І, ведаеце, я б аддалася гэтаму насланню.

У мяне няма пачуццяў, але я павінен кахаць

Вось!!! Яно!! Тое самае! О, як я яго люблю ужо не першы год! Чытана-перачытана. І цяпер заўжды пад рукой. Я чую гэты "шэпт, поўны юру і жарсці" у сваёй галаве. "Чалавек, ты вельмі прыгожы, чалавек, ты мне падабаешся, чалавек, я без цябе памру, чалавек"... Жудасць і прыгажосць, шыкоўна перайначаная тэма прыгажуні і пачвары. Усім і кожнаму - чытаць!

Начны пастаялец

Незвычайна! Ніякага табе апакаліпсісу, ніякіх іншапланецян, на першы погляд - і ніякай фантастыкі. А другім поглядам зірніце самі. Ух!

***

Што тут скажаш, закахалася я ў беларускую фантастыку цяпер. Тут і годных савецкіх фантастаў прыгадала, якіх так любіла ў школе, і сучасных замежнікаў (мае бясконцыя падзякі міласэрнасці і сціпласці аўтара, у якога іхнім Марцінам ды Кінгам яшчэ павучыцца трэба, вось што такое павага да чытача і яго душэўнага здароў'ечка).

Аўтар, родненькі, пішы яшчэ!

Комментарии


Дзякуй вялікі! Вельмі душэўная рэцэнзія!

А над тым як усё склалася потым, я ужо вельмі шчыльна думаю)


Раскрый, калі ласка, тайну апошняга апавяданьня, я не здагадаўся)