Больше рецензий

29 января 2016 г. 11:52

150

4

У руках – невялікая (адносна невялікая, на 174 старонкі), у мяккай абгортцы, кніга. Але змястоўнасці ад гэтага ёй не бракуе. Кнігу “Ніякай літасьці Альгерду Б.” Альгерда Бахарэвіча не назавеш цэльным творам: яна складаецца з трыццаці пяці эсэ, якія былі напісаны аўтарам для кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Хаця… “Кніга пра сваё”, як сцвярджаецца ў анатацыі. Чым не цэласнасць?
“Ніякай літасьць Альгерду Б.” закранае разнастайныя тэмы: ад тараканаў да Менску, ад вар’ятаў да нацызму, ад фальклору да экстрэмізму, ад мандарынавых скурак да дзіцячай літаратуры, ад кантэксту да савецкага кіно, ад літаратуры да павагі, ад перапахавання да рэўнасці… Можна мяняць месцамі. Варыянты спалучэнняў (або іх адсутнасць) – на густ чытача. Шмат беларускага, шмат асабістага, шмат праблемнага.
Сфармуляваныя А. Бахарэвічам пытанні заўсёды абапіраюцца на ўласнае меркаванне аўтара. Суб’ектыўнасць, якая не замінае зместу эсэ, дарэчная, бо кніга ж, нагадаю, “пра сваё”. Але і прэтэнзія на аб’ектыўнасць прысутнічае. Для раскрыцця выбраных тэм аўтар выкарыстоўвае прыклады з жыцця і літаратуры, а таксама арыгінальныя параўнанні, спробы ўласнага вызначэння абстрактых катэгорый. Шлях назірання за ходам думак пісьменніка хочацца чамусьці параўнаць з постмадэрнізмам (павярхоўным яго значэннем). Напэўна з-за таго, што гэта і цікава-займальна-лёгка, і патрабуе пэўнай падрыхтаванасці (трэба хаця б ведаць постаці згаданых А. Бахарэвічам асоб, пэўныя гістарычныя моманты і творы сусветнай літаратуры).
Задумацца заўсёды ёсць над чым. І дзяліць свет/рэчы/з’явы/людзей на чорнае і белае немэтазгодна.
У дадатак – вытрымка з разглядаемай кнігі:

Так, жывучы тут і цяпер, часам хочацца сказаць словамі з “Каўдэрвэлшу” [размоўнік такі]: NITSCHOHA NJAMA. Але гэта ня будзе праўдай. Нешта тут усё-ткі ёсьць. І яно адбываецца.

Сапраўды ж адбываецца. Трэба толькі навучыцца бачыць. І думаць.
08.06.2015