Больше рецензий

SashaLesnik

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

21 мая 2024 г. 15:00

74

5 Андрусь, дзе ты?

Нарэшце ў мяне дайшла чарга да беларускага топу 5-гадовай даўніны. Ужо пасля набыцця кнігі чуў шмат добрага ад розных знаёмых, таму чытаць гэтую кнігу пачаў з добрымі пачуццямі і чаканнямі.
Усё, што напісана ў кнізе, было спачатку напісана на Фэйсбуку на старонцы аўтара. Потым нехта вырашыў, што з напісанага на ФБ можна зрабіць цікавую кнігу (дарэчы, часта такое здараецца, таму не лянуйцеся пісаць што-небудзь у сацсетках, можа і ў вас кніга раптам атрымаецца). Але каб нататкі выдалі ў кнізе, трэба ўсё ж такі мець талент. І ў Горвата ён ёсць.
Горват апавядае пра цікавы перыяд свайго жыцця. Жыў чалавек сабе ў цэнтры Еўропы (то бок у Мінску), хадзіў у кавярні, купляў модны абутак, паліў крутыя цыгарэты... Жыў як нармальны чалавек. А потым вырашыў пайсці працаваць дворнікам у тэатр. Не п'яніца, не хворы на галаву. Проста захацелася. Але праз пару месяцаў ён наогул з'ехаў у вёску пад назвай , каб пачаць жыць па-новаму. Я б так не змог, канешне. Мабыць, што я не жыў больш за месяц у вёсцы (летам у бабулі, каб бацькі адпачылі). Я не ведаю, чым адрозніваецца дрэннае зелле ад морквы ці агуркоў, таму магу выпалоць усё. А вось Горват усё ж нарадзіўся ў вёсцы, а потым з'ехаў у горад. Але ж ці было яму лёгка? Напэўна не. І пра ўсе цяжкасці і радасці ён і апавядае ў кнізе. Як наладжваў кантакт з жыхарамі вёскі, як рамантаваў столь, як сеяў моркву і садзіў бульбу, як купляў казу, як вечарамі рабіў туалет, каб не хадзіць пад елкі ўвесь час.
І кніга вельмі крутая атрымалася. У некаторых момантах я смяяўся ўголас (асабліва ў моманце, дзе дзеду кажуць, што ў Мінску модна хадзіць з адным наском), у некаторых хваляваўся. У аўтара ёсць вельмі важная рыса, што ён умее заўважаць цікавыя дробязі. Хто што сказаў, што падумаў. І ўсё гэта ён робіць з адмысловым гумарам, таму ўсё чытаецца лёгка і прыемна. Жыў ты ў вёсцы, не жыў - усё роўна цікава. Там іншыя людзі, якія жывуць у сваім сусвеце, дзе больш важна, ці пойдзе дождж, а не колькі там даляр каштуе і дзе будзе фінал Лігі Чэмпіёнаў.
Я быццам разам з Горватам сядзеў у той вясковай хаце. Толькі ён працаваў, а я падгледжваў праз дзірачку.
Напэўна, гэта будзе мая кніга года. Мне "Радзіва Прудок" вельмі спадабалася, буду раіць усім. Адно крыўдна, што аповед нічым не сканчваецца. Проста канец і ўсё. А мне ж цікава, што было далей. Што там з казой, што з бабкамі, што з даяркай, якой медаль далі... Ну як так, дзе працяг... На самым цікавым...
Дарэчы, смешны нюанс - папарядняя прачытаная кніга была напісана робертам Говардам (што пра Конана пісаў), а тут Андрусь Горват. Цікавая гульня прозвішчаў.