Больше рецензий

zlobny_sow

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

1 февраля 2024 г. 13:22

85

3.5

Добрая аповесць пра станаўленне свядомасці, самасці 13-гадовай інтэрнацкай дзяўчынкі Вені Рыжык. Звычайным людзям цяжка даўмецца, у якіх абставінах гадуюцца выхаванцы, аб гэтым можна толькі дагадвацца. Вольга Іпатава сама мела досвед жыцця ў інтэрнаце, таму гісторыя атрымалася жыццёвай, кранальнай.

Веня вучыцца ў сёмым класе школы-інтэрната ў Горадні. Бацькоў сваіх яна ня ведае, яе падкінулі навароджанай у дом дзіцяці. Расла Веня паслухмянай, невыразнай дзяўчынкай. Доўгая, нязграбная, вучобу ледзь цягне на тройкі. «Адзінае, чым вызначаецца Рыжык — неспатольнай прагай да малявання. Яна малюе ўсюды і на ўсім, на чым давядзецца». Аднак ня толькі маляваннем вызначаецца Веня: яна гостра адчувае чужы боль, разумее, бачыць на чужым твары нявыказанае.

Са здарэння пачынаецца аповесць. Праз Веню галоўны хлопец класа перадаваў цыдулку для іншай дзяўчыны. Перадаць перадаў, але гэта заўважыла геаграфіца і абрынула на Веню ўсю моц незадаволенасці і выгнала з класа. На перапынку Веня спрабуе пагаварыць з зачыншчыкамі, спытаць, чаму не заступіліся, не азваліся, што гэта іхняя цыдулка. А ў адказ чуе, што яна сама вінавата:

У тую хвіліну, калі ты не падпарадкавалася Анфісе, ты стала парушальніцай дысцыпліны. Ты не аддала ёй запіску, а з’ела. Першае. Другое: ты не стала апраўдвацца перад Антоляй і, значыць, другі раз парушыла дысцыпліну. Якая розніца, адчай цябе грыз альбо ты зрабіла так незнарок, — усё роўна ты стала парушальніцай, такім чынам, твая дзёрзкасць — парушэнне Анфісінага аўтарытэту.

З гэтага моманту Веня пачынае разумець сваё становішча, сваё месца ў соцыўме. У памяці ўсплываюць моманты, як хлопцы далі ёй мянушку «Піка» (раней гэта чамусьці не засмучала), як злосна абзывалі яе падкідышам, як у твар казалі, што не падобная да фотамадэлі. Да таго ж выхавацелькі пазбавілі яе вельмі жаданай паездкі ў Эрмітаж. «Страта ўвайшла стрэмкай, што неўпрыкмет запоўніла незразумелай тугой, якую яна не ўмела растлумачыць сама сабе, якую яна нават і не ведала». Чытаеш пра ўсю гэтую несправядлівасць у дачыненні да дзяўчынкі — і гнеўна сціскаюцца кулакі. Добра аднагодкі, але ж дарослыя цёткі… Проста аблажылі, паскуды, з усіх старон.

«Ці не азлобім мы яе яшчэ больш тым, што не пусцім у Эрмітаж?» — «Яе? Такую цюхцю? Я ручаюся: яна стане шаўковай! Троечніца, а яшчэ нос задзірае. Малюнкі… Ці мала хто што пэцкае?»

Здарэнне ў класе, атрымоўваецца, супала з часам сталення для Вені. Яна становіцца дзёрзкай, пачынае выказваць праўду-матку. Але ў Вені гэта не шалёнае непаслухмянства, яна застаецца ўдумлівай і разумнай, выказвае ўслых тыя думкі, якія ня могуць сказаць дарослым у вочы іншыя падлеткі.

Толькі не вытрымлівае кволае цела і душа такога маральнага напружання. Веня з тэмпературай і трызненнем трапляе ў шпіталь, дзе правядзе паўтары гады, шмат чаго ў сабе перадумае і перайначыць. А нармальныя, спачуваючыя людзі, якіх яна у той час сустрэне, дапамогуць разабрацца, як жыць далей.

Вольга Іпатава ўключыла ў сваю аповесць краязнаўчыя матывы. Сталенне дзяўчынкі праходзіць праз нараджэнне цікавасці да беларускай зямлі, дакрананне да чалавечых лёсаў, па якіх прайшлася вайна, праз усведамленне традыцыйнага ўкладу жыцця.

А адкуль узяўся ў аповесці Святагор, то вось паданне пра цяжар зямнога жыцця:

Святагору-багатыру, што пахваляўся сілай сваёй, кайстрачку далі: ты, кажуць, паднімі адну гэту торбачку. Той, на кані седзячы, спрабаваў яе нагой штурхнуць. Пасля сышоў з каня і рукой хацеў зачапіць. А калі ўжо ўзяўся за сумачку тую дзвюма рукамі, то адразу ж у зямлю ўгрузнуў па калені і кончыўся: надарваўся. Бо ў сумачцы той уся цяга зямная была.