Больше рецензий

27 мая 2023 г. 11:03

134

5 Былы Неблагі прынц у пошуках сябе

Прыхільнікі Эша, радуйцеся! Мы атрымалі цэлую гісторыю ад яго імя, у якой можна азнаёміцца з яго думкамі, пачуццямі, перажываннямі, уражаннямі. Кніга пра рыцара, што адданы сваёй каралеве і гатовы пайсці на ўсё, каб вярнуцца да сваіх абавязкаў па абароне яе жыцця. Але вось праблема - былы Неблагі прынц не можа знаходзіцца ў яе каралеўстве, бо яно пагібельна для яго.

Кніга поўная смутку, гора і пры гэтым непамернага шчасця. Прыняцце сябе і сваіх памылак, наступствы ўчыненых дзеянняў, уменне спраўляцца з новымі якасцямі сваёй асобы - гэтыя этапы праходзіць фэйры Эш, які ўсё больш аддаляецца ад мінулага жыцця. Дрэнны бок, што былы прынц так намагаўся схаваць у прысутнасці Мэган, вылазіць наверх і прымушае Эша інакш паглядзець на сябе. Ён не звык працаваць у камандзе, але тут з'яўляюцца сябры, гатовыя ісці з ім да канца. Глава за главой, крок за крокам фэйры ідзе ўпэўнена да сваёй мэты - зноў вярнуцца да Мэган. Яго падарожжа поўнае выпрабаванняў, але ўзнагарода варта затрачаных на яе сіл.

Чамусьці да мяне прыйшло параўнанне гэтай серыі з серыяй "Ваздушны народзец" ад Холлі Блэк. Вось толькі можна сказаць, што назіраецца нейкая супрацьлегласць: баявая Джуд нагадвае Эша, а нясмелы Кардан - Мэган. Але і тут, і там героі растуць ў асабістым плане: баязлівасць змяняецца мужнасцю, а ў заўзятасці выяўляецца мяккасць і пяшчота. Увогуле, персанажы ўсюды добрыя.

Гэта годнае завяршэнне серыі, якое мяне зусім не расчаравала. Іншы склад апавядання, новыя прыгоды, фэйкавая канцоўка (ох, як жа яна мяне ўразіла) і шыкоўная сапраўдная зрабілі сваю справу. Я атрымала задавальненне ад гісторыі і сапраўды не дам фэйры сысці ў забыццё. Бо цяпер я буду памятаць іх і абавязкова калі-небудзь вярнуся ў Фэйрылэнд.