Больше рецензий

20 апреля 2023 г. 11:18

410

4.5

На вокладцы гэтай кнігі пазначана, што яна ўвайшла ў топ-100 выбітных кніг па версіі New York Times, а яшчэ мне недзе сустракалася інфармацыя, што гэта адна з самых запатрабаваных кніг ў Расіі ў пэўны перыяд 2022 г.

Гэта сапраўды маштабнае даследаванне паўсядзённага жыцця немцаў у перыяд Другой сусветнай вайны. У аснове працы - не толькі (і не столькі) афіцыйныя дакументы і факты, але і прыватныя лісты, дзённікавыя запісы абазначанага перыяду і апытанні звычайных грамадзян Германіі, якія служылі ў войску, працавалі на заводах і ў грамадскіх установах, хадзілі ў царкву, чыталі кнігі, перажылі бамбардзіроўкі сваіх гарадоў, закрывалі вочы на халакост, дасылалі і атрымлівалі фотаздымкі забойстваў людзей з акупаваных тэрыторый, хавалі яўрэяў і хаваліся самі, пратэставалі супраць вынішчэння людзей з інваліднасцю і маўчалі пры "вырашэнні яўрэйскага пытання".

Здаецца, Нікалас Старгардт не сказаў нічога новага, - зразумела, што не ўсе немцы падтрымлівалі нацызм, халакост і вайну - але як і ў якой форме і ступені праяўлялася іх нязгода, чаму многія ўсё ж падтрымлівалі, аб чым думалі і як ўспрымалі рэчаіснасць тыя, чыімі рукамі чынілася вайна і яе злачынствы, - вось гэта аўтар паспрабаваў высветліць, ахапіўшы шырокае кола праблем: мабілізацыя, ваенныя дзеянні і іх успрыманне, уздзеянне прапаганды, дзейнасць духавенста, бамбардзіроўкі, эканамічнае становішча, эксплуатацыя працоўных рэсурсаў, выхаванне моладзі і інш.

Чытаць было вельмі цікава, бо напісана даступна і зразумела. У кнізе прыводзяцца канкрэтныя асабістыя гісторыі (некаторыя нават ў развіцці), гістарычныя факты і цікавыя звесткі.