Больше рецензий

19 января 2014 г. 22:44

276

3

Перш-наперш мне хацелася б падзякаваць перакладчыкам за любоўную працу над арыгіналам. Я не валодаю французскай, але чытаць замежныя п'есы па-беларуску было надзвычай лёгка і прыемна — позірк аніводнага разу не зачапіўся за няўклюдную канструкцыю, а ў нецікавыя моманты заўсёды можна было скарыстацца з падрэдагаванай парады каралевы Вікторыі: заплюшчыць вочы... то бок прымусіць розум забыцца на дакучлівую нуду і думаць пра сціплае хараство тэксту.

«Сямейнае падабенства» (Аньес Жаўі, Жан-П’ер Бакры)

Далей...

Тут хапіла б літаральна пары слоў: «сямейныя сваркі». Пры жаданні іх можна замяніць любым словаспалучэннем з прапанаваных: затоеныя крыўды, дзіцячая нянавісць, разумовая недаспеласць, эмацыянальныя катаванні. Лепш за ўсё хіба падыдзе «сямейная п'янка»... прашу прабачэння, «бяседа» — гэта знойдзе водгук ў сэрцы кожнага і абудзіць патрэбныя адчуванні і ўспаміны.
У падтытуле твора ёсць пазнака «камедыя». Сапраўды, нават тое, што называюць «побытавым брудам», можна абмаляваць дасціпна і ўмела, аднак гэта не той выпадак. На працягу ўсяго дзеяння не адбываецца амаль нічога, вось толькі зграя дарослых Homo sapiens па чарзе цкуе кожнага з іх, імкнучыся патрапіць у самыя маральна балючыя месцы — і трапляе ўдала. Хто-небудзь з чытачоў можа адчуць сябе пяшчотным сынам рымскага цэзара, якога ў спёку прымусілі назіраць за крывавымі і занадта доўгімі баямі без правілаў. Але на гладыятарскіх відовішчах заўсёды будуць гледачы, і таму гэтую ідэю варта прадаць беларускаму тэлебачанню: раптам атрымаецца папулярны сітком, дарма што перанос на нацыянальную глебу будзе лёгка ажыццявіць. Смутак.

«Вясельная вандроўка» (Даніэль Буланжэ)

Прафесар-інтэлектуал і побач з ім жанчына-студэнтка, жанчына-каханка, жанчына-дурніца, жанчына-прасталытка — вядома, кім жа яшчэ можа быць жанчына ў старой недобрай літаратуры. Цудоўная пара займаецца акрабатыкай на бязлюднай райскай выспе і паспяхова выядае адно адному мазгі (я б хацела перадаць з экрана прывітанні на ўсю краіну аўтарам папярэдняга твору). Усё гэта прыпраўлена нейкім карабельна-капітанскім сімвалізмам ды іншымі гумілёўскімі і грынаўскімі тропамі, перакручанымі самым панылым чынам. Дзесьці на сярэдзіне п'есы я заснула, але пабачыла кашмар пра тое, як з яе вылецеў непрыстойны папугай, і прачнулася ад пякучага жаху. Пасля гэтага я пачала перагортваць старонкі вельмі хутка і не магу з упэўненасцю сказаць, чым скончылася справа. Здаецца, Яна стамілася ад ева-і-адамаўшчыны і кінула Яго. А можа, ніколі нават з Ім не была — прынамсі, усёй сваёй зменлівай і складанай натурай — і замест гэтага працавала ў партовым бардэлі. Ашаламляльнае пранікненне ў жаночую псіхіку, ці як там любяць пісаць на вокладках бэстсэлераў? Так, гэта таксама названа камедыяй. Смутачак.

«Вячэра з дурнем» (Франсіс Вэбэр)

Бальзам на сэрца, чаканы і спраўджаны. Толькi гэты твор, па шчырасці, цікавіў мяне ў гэтым зборніку, бо я бачыла французскую экранізацыю («Ужин с придурком») і беларускую пастаноўку («Вячэра з прыдуркам»; Мікалай Пінігін, гэтым сказана ўсё), і абедзве пакінулі пасля сябе цалкам станоўчае ўражанне, якога першакрыніца не сапсавала. Ані кроплі смутку, ані кропелькі смутачку!
Якімі захапляльнымі справамі займаюцца героі п'есы? Перадгісторыя досыць кароткая: кожны тыдзень паспяховы кніжны выдавец ці хтосьці з яго сяброў запрашае ў госці знаёмага дурня, каб добра правесці вечар у здзеках са слабейшага. А сама гісторыя? Натуральна, аднаго разу наладжаная сістэма дае збой, і высвятляецца, што пыхлівыя прынізяцца, заганныя атрымаюць паводле сваіх справаў, узнагародай добрага чалавека будзе сама яго дабрыня, а ўбогія духам так-такі раней за багатых увойдуць у Царства Нябеснае — і ўся азначаная праграма пройдзе як мага весялей. Такая мараль працуе далёка не заўсёды, але сустракацца з ёю ў мастацтве бывае прыемна. Самую грунтоўную і суцяшальную выснову, якую можна выцягнуць з прапанаванага няхітрага сюжэту, некалі падала дарагая сяброўка, з якой мы разам былі на спектаклі і якой вельмі спадабаліся аповеды галоўнага героя пра яго архітэктурныя будынкі з запалак. «Паслухай, — сказала яна, — але ж мы з табой таксама прыдуркі, я з маім рынга, ты са сваімі іерогліфамі, і гэта добра, праўда? Бо той прыдурак, Франсуа, ён страшна файны». Так, быць можа, усе мы крыху дурні, калі гаворка ідзе пра тое, што мы любім. І гэта добра, шаноўнае спадарства. Гэта файна.

Такім чынам, у гэтым томе «Вячэра» — адзіны тэкст, які не выклікае нуды і агіды, бо аўтар ведае, як падаць шурпаты жыццёвы гумар і на якія клавiшы чытацкай душы націснуць, каб закрануць яе. Але справы густу вырашаюцца дзіўным чынам, і калі ў вас будзе жаданне пачытаць што-небудзь на добрай беларускай мове, варта паспрабаваць цэлы зборнік. Раптам ў вашых вачах п'ёсы Жаўі, Бакры і Буланжэ набудуць асаблівы сэнс, адмысловае ззянне? Гэта было б цудоўна — як заўсёды, калі тэкст знаходзіць свайго чытача.