Больше рецензий

10 февраля 2023 г. 11:23

78

4 Спойлер Перад чытаннем парайцеся са сваім псіхолагам

Ужо і не памятаю, калі трымала ў руках што-небудзь з сучаснага белліту. Сумна-родны Горват гады тры таму. Сёе-тое са светлых дзіцячых кніжак, што піша Надзея Ясмінска. Гэта ціхія, гаючыя рэчы.

А на мінулым тыдні завітала Ліліт. Ужо ў чацвер я выцірала мярзотную ваду са шчок ад кожнага флэшбэку і бяазліва азіралася на крокі. А з пятніцы з галавой кінулася ў гэтую прорву, каб хутчэй скончыць пакуты.

Калі ласка, упэўніцеся ў трываласці вашай псіхікі перад чытаннем, калі вам:

- даводзілася перажываць сямейны гвалт;
- не пашчасціла пацярпець ад падзей 2020 года ў Беларусі; 2010 года; метро; знешнепалітычных падзей;
- непрыемна ўваходзіць у цёмнае цяжкае паветра побытавай варажбы;
- непрыемна сутыкацца з сэксізмам і экстрэмальным фемінізмам або сцёбам над ім;
- да непрытомнасці страшна чытаць пра вайну і Халакост.

Усё гэтае і крыху больш ёсць у кнізе. Мова яе лёгкая, насычаная, гумарная, але гэта не змякчае ўсеагульны змрок быцця. Мінск Ліліт - гэта Масква Воланда. Чорны, безнадзейны прытулак выгнаных анёлаў і дэманаў, дзе няма ніводнага станоўчага персанажа-чалавека.

Кніжка дастаткова цікавая і разнастайная, каб дачытаць яе. Галоўнае - прабіцца праз уступ, бо ў ім канцэнтрацыя сэксізму зашкальвае. Праз стартавую непрыязнасць і фінал мяне не крануў. Але ж такі ўжо сусвет у гэтай кніжцы: "бог" і "д'ябал" - зашуганыя прыгнятальнікі жанчын, а Бясконцае - жанчына, якая ленавата падтасоўвае карты.

Але яшчэ раз скажу: кніжка моцная, кніжка зацягвае і разгортвае вялізную панараму існавання і побыту беларусаў у часе. Аднабокую, але з выбранага боку праўдзівую і жывую. Шмат знаёмых месцаў, падзей, асоб. Шмат гумару з крывой усмешкай, падобнай да грымасы болю. І нават варажба, як сродак хоць у гэтай чарнаце апынуцца па-за рэчаіснасцю бездапаможнасці, гэтаксама знаёмая той дзяўчынцы, якой я некалі была.

Асобна трэба сказаць пра структуру кніжкі. Разнастайная, нязвыклая. Устаўны бложык - асобная хохма, хоць і таксама прыносіць боль. Устаўны журнал тэлефанаванняў у фірмачку тэлефоннага развадзілава - іхноў жах і гумар у адным флаконе. Прасцябаныя адносіны ў свеце "багемы" і журналізму, установах адукацыі і сярод іншых "бюджэтнікаў". Паўсюль ён: горкі гумар, каб не паехаць з глузду ў гэтым балоце.

Чытаць "Вяртанне Ліліт" - як сысці ў запой. Баліць галава, рагочуць чэрці, увесь свет ператвараецца ў пекла. Але нават тут, у пекле, трэба падымацца на ногі і працягваць руку. Не жанчына жанчыне, у дупу гэты сэксізм. Свядомасць свядомасці. Асоба - асобе.

Амэн.

P.S. І азірнуцца. Гэта быў толькі страшны сон. Проста флэшбэк. Сусвет большы за гэта. Так, ён гэта змяшчае. Але ты заўсёды выжываў. Ты заўсёды знаходзіў нешта большае, нешта вышэйшае. Нават калі не верыў у яго існаванне, ты цягнуўся кудысьці наверх - і таму дагэтуль жывы. Ты носіш у сабе не толькі пекла. Ты носіш у сабе сэнс. І сусвет, якім пажадаеш яго бачыць.

У канцлагеры сённяшняга дня пасля "Ліліт" не забывайцеся перачытваць Франкла.