Больше рецензий

15 марта 2021 г. 15:50

366

4.5 Гэй, Крабаце!

Мне цікава, чаму амаль ва ўсіх быў "Крабат" у дзяцінстве, а ў мяне не было? Канешне, я ведаю, што быў некалі такі фільм, можа я нават крышачку яго глядзеў. Але пра кнігу не ведаў нічога. І далей мог бы сядзець і нічога не ведаць, каб не выдавецтва "Янушкевіч", якое вырашыла выдаць гэты падлеткавы раман на беларускай мове.
"Крабат" - гэта нямецкая казка, выдадзенная у 1971 годзе. Няхай вас не пужае тое, што гэта як быццам бы раман для падлеткаў. Месцамі Крабат можа трошкі напужаць (але спаць будзеце добра, не хвалюйцеся). Глядзіце самі - галоўны герой - 14-гадовы хлопчык-жабрак трапляе на млын, дзе яго бяруць на працу. Вельмі хутка ён дазнаецца, што млын належыць чараўніку, які чытае чорную кнігу магіі і малюе пентаграмы на лбах малюкоў. Вам ужо страшна, так?
Крабат крануў мяне сваёй атмасферай. Стары млын, стары чарнакніжнік, маладыя хлопцы, якія працуюць разам з Крабатам і могуць рабіцца крумкачамі, ноччу нешта ўсё грукае, нешта таемнае мелецца тады, калі Крабат спіць... А галоўнае - з млына нельга ўцячы. Вось тваё жыццё, Крабаце - працуй, вучы магію і маліся, каб Жнец, які прыходзіць да млына раз у год, не забраў цябе з сабою. Вунь, могілкі невядомыя стаяць, бачыш? Кажуць, там млынары пахаваныя, якія ведалі больш, чым трэба...
На мой густ раман цудоўны. Вельмі шкадую, што прачытаў яго толькі зараз. Канешне, можна прыдзяўбціся да таго, што ўсё вельмі хутка скончваецца, што любоў ненатуральная... Але гэта ўсё не галоўнае. Пераклад зроблены адмыслова, простай і у той жа час вельмі тлустай мовай, якую можна пачуць ў вёсках нашай краіны (з прыкольнымі параўнаннямі і славечкамі). Кажуць, на рускай мове многа што выкінулі ў перакладзе, а на беларускай застаўся самы смак.
Шэдэўральна, вельмі цікава і крышачку пужаюча (у добрым сэнсе, канешне).