Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

1 февраля 2021 г. 18:32

111

5 Як вярнуцца ў дзяцінства за 32 старонкі

У выдавецтве Koska ў перакладзе Надзі Кандрусевіч выйшла чарговая дзіцячая шведская кніга, якая ў 2018 годзе ў Швецыі стала найлепшай кнігай для дзяцей.
"Яміна" не толькі вяртае ў дзяцінства, але яшчэ і вучыць дарослых таму, наколькі важна даваць дзецям свабодную прастору для гульняў, творчасці і самавыражэння.
Перад намі паўстае прыцягальная яміна — проста заглыбленне ў зямлі, дзе ёсць пясок, гліна, рэшткі каранёў дрэў. Звычайна ў дзяцей выдатная фантазія, і нават калі побач няма Дыснэйлэндаў ці іншых паркаў атракцыёнаў, яны могуць зрабіць іх літаральна з нічога. Так і атрымалася з ямінай каля школы, якая стала для дзяцей найлепшым месцам гульняў. У ёй можна бегаць, скакаць, поўзаць, нават катацца з гары.
А для бацькоў яміна стала найстрашнейшай пагрозай. І няважна, што дзеці разбіваюць насы дома ці ў будынку школы, а з Яміны выходзяць цэлымі і шчаслівымі. Усё роўна гэтае месца — страшная небяспека ў вачах бацькоў, якія проста не разумеюць, што ў ёй цікавага і як там можна гуляць.
На жаль, даволі часта бацькі ставяць бяспеку дзяцей нашмат вышэй за іх магчымасць даследаваць і спасцігаць свет. Абмяжоўваюць дзяцей і не даюць і адкрываць нешта новае. Але ж дзіцячая фантазія — неверагодная рэч, здольная ствараць цэлыя сусветы з пустога месца.
Кніга паказвае, што не варта недаацэньваць дзяцей: калі прыбраць адно з іх месцаў для гульняў — яны лёгка знойдуць новае.
Прызнаюся, што спачатку даволі скептычна паставілася да ілюстрацый, а потым зразумела: а дзеці ж сапраўды так малююць. Не тыя, каму з маленства наканавана стаць мастакамі, а звычайныя дзеці, без асаблівых талентаў у гэтай сферы. Я, напрыклад, маляваць абсалютна не ўмею, але люблю і раблю гэта, нягледзячы на тое, што вынік страшна камусьці паказаць. Таму і ілюстрацыі да гэтай кнігі ўрэшце ацаніла.
Цудоўнае сямейнае чытанне, якое дасць бацькам зразумець дзяцей, а дзецям пачытаць пра штосьці блізкае і знаёмае.
картинка xbohx