Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

3 января 2021 г. 19:30

210

5

Уладзіміру Някляеву незаўважна перайшоў у кагорту найстарэйшых беларускіх паэтаў. У гэта цяжка паверыць. Бо, калі казаць пра старэйшае пакаленне беларускіх пісьменнікаў, то нікога і блізка нельга параўнаць з Някляевым у творчай актыўнасці. Штогод выходзяць яго кнігі, а нярэдка па некалькі кніг за год. Прычым гэта не толькі зборнікі вершаў, але і кнігі прозы. Вось і сёлета часопіс “Дзеяслоў” надрукаваў новы раман Уладзіміра Някляева.

Але мы разглядаем зборнік паэзіі “Толькі вершы”, які выйшаў у 2016 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор”.
Даўно сталі хрэстаматыйнымі радкі Ганны Ахматавай: “Когда б вы знали, из какого сора. Растут стихи, не ведая стыда…” Дык вось за апошнія 10-15 гадоў у біяграфіі Някляева было столькі розных падзеяў, столькі розных уражанняў, што іх хапіла бы любому пісьменніку на некалькі жыццяў. Самыя драматычныя падзеі мінулага – гэта арышт і патрапленне ў СІЗА КДБ. У 2011 годзе пабачыў свет зборнік паэта «Лісты да Волі», які аб’яднай выключна турэмныя вершы і паэму “Турма”. Але і ў зборніку “Толькі вершы” ёсць цэлы раздзел турэмных вершаў, які называецца “Турэмная бібліятэка”.

Халодны карцар.
Адзіночка.
Нядрэмныя глядзяць у вочка
Вартаўнікі. Нібы з нябёс
Вада і хлеб. Нібы Хрыстос
Прыйшоў, каб падзяліцца з намі:
Са мною і вартаўнікамі.

Адметнасцю кнігі з’яўляецца тое, што ў ёй вельмі шмат прысвячэнняў, паэт прысвяціў вершы амаль усім сваім сябрам і блізкім людзям. Відавочна з-за ўдзячнасці, што яны ў яго былі і ёсць, што ніхто з іх не здрадзіў падчас выпрабаванняў лёсу.

У вершы “На беразе вечнага часу” паэт у родным Крэве каля магілаў дзядоў разумее штосьці невытлумачальнае пра жыццё:

Пайсці назад праз лес, праз жыта,
Праз поле, поўнае трысця,
І зразумець, што ўсё пражыта,
Спазнана ўсё, апроч жыцця.

Верш “Каляды” прысвечаны жонцы Вользе. А Зміцер Вайцюшкевіч з гэтага верша зрабіў цудоўную песню. Бо Каляды былі і ёсць – як надзея на лепшае.