Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

6 декабря 2020 г. 13:17

405

4

Гумар і сатыра – адна з істотных іпастасяў Ніла Гілевіча. Яго першы гумарыстычны зборнік “Званковы валет” выйшаў ажно ў 1961 годзе. Усяго праз чатыры гады пасле першай кнігі лірыкі “Песня ў дарогу”. А ўсяго ў Гілевіча выйшла дзевяць кніг гумару і сатыры, гэта калі ўлічваць толькі арыгінальныя беларускамоўныя кнігі. Ну і не забываем, што Гілевіч аўтар славутай паэмы “Сказ пра Лысую гару”.

З гумарам і сатырай сябравалі практычна ўсе класікі беларускай літаратуры другой паловы 20 стагоддзя – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі. Усе яны былі аўтарамі сатырычнага часопісу “Вожык”, які, дарэчы, меў сваю бібліятэчку і выдаваў адпаведныя кнігі. Але ніхто і блізка не мог параўнацца з Нілам Гілевічам. Бо для Гілевіча гумар і сатыра, калі хочаце, з’яўлілася сапраўднай зброяй у змаганні, прычым не толькі з рознымі хібамі жыцця, але і за Беларусь. У кожным гумарыстычным зборніку ў яго абавязкова былі вершы, у якіх ён з’едліва высмейваў тых беларусаў, якія адмаўляліся ад народных традыцыяў, ад сваіх каранёў і асабліва ад сваё мовай. За савецкім часам бадай гэта была адзіная ніша, дзе можна было адкрыта і недвусэнсоўна пісаць пра гэта.

З усіх гумарыстычных зборнікаў Ніла Гілевіча для мяне найбольш сімпатычны “Кантора”. Ён прыгожа выдадзены і мае шэраг разделаў, якія ўтрымліваюць: вершы, казкі, байкі, вершаваныя фельетоны, эпіграмы, жарты, гумарэскі, пародыі і нават замовы. А сярод замоваў ёсць і ад рэнегацтва. Як раз адмаўленне ад сваіх каранёў Гілевіч і называе рэнегацтвам. І калі будзеш штораніцы гэтую замову прамаўляць, то і ўберажэшся ад гэтай пошасці.

Каб мяне не крывіла,
Каб мяне не муціла,
Каб мяне не рвала,
Каб з мяне пляўкі не гнала
На ўсё дзядоўскае,
На ўсё бацькоўскае,
На ўсё матчынае,
На ўсё спадчыннае,
На бацькаву мову,
На матчыну песню,
На бацькаву гордасць,
На матчыну годнасць:
Каб і мяне людзі
Зналі-паважалі
Сёння, і заўтра,
І вечныя векі!
Амін!