Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

28 августа 2020 г. 10:52

330

5

Яшчэ быў Савецкі Саюз, але ўжо ідэалагічная запруда аказалася сур’ёзна пашкоджанай і праўда выпліснулася на старонкі газет. Ля газетных шапікаў чэргі ўтвараліся з самай раніцы. У авангардзе розных тагачасных дэмакратычных перыядычных выданняў аказаўся штотыднёвік Саюза пісьменнікаў Беларусі “Літаратура і мастацва”. Гэтае выданне тады ўзначальваў паэт Анатоль Вярцінскі. Напрыклад, менавіта ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці». Практычна ў кожным нумары выдання з’яўляліся падборкі вершаў з вострапалітычным зместам славутых беларускіх паэтаў. У тым ліку і Пімена Панчанкі. З гэтых актуальных вершаваных водгукаў на падзеі ў роднай Беларусі й складзены зборнік “Горкі жолуд”. Прычым, тут варта аддаць належнае тагачасным супрацоўнікам выдавецтва “Мастацкая літаратура” і рэдактару кнігі Леаніду Дранько-Майсюку, - “Горкі жолуд” выйшаў вельмі аператыўна і ў прыгожым паліграфічным выкананні. Пімену Панчанку пашанцавала, ён дажыў да гэтага часу, калі ўжо можна было публічна выказацца пра набалелае. Напрыклад, Аркадзю Куляшову не пашанцавала, бо ён пайшоў з жыцця ў 1978 годзе, і хто ведае, якія вершы ён мог бы напісаць прыканцы 80-х гадоў.

Зразумела, галоўнай праблемай Беларусі Пімен Панчанка лічыў занядбанне беларускай мовы. У вершы “Беларуская мова” паэт адзначае, што раней ён ненавідзеў акупантаў і прыгнёт, а цяпер вялікадзяржаўнікаў, “што разбэсцілі вялікі мой народ”.

У іншым вершы, бадай самым дыскусійным у 1988 годзе, - які называецца “Развітанне”, паэт як бы развітваецца з роднай беларускай мовай, якой наканавана "змярканне". І зноў паэт называе прычынай занядбання мовы вялікадзяржаўны шавінізм. Праўда, гэты верш ў Беларусі ўспрынялі хутчэй як “шокавую тэрапію”. Паэт паспрабаваў абудзіць свой народ вось у такі радыкальны спосаб.

Ну і зусім нечаканы верш, які называецца “Фадзееў у Мінску”. Паэт апісаў рэальную падзею, якая адбылася на першым з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі адразу пасля завяршэння вайны. На з’езд прыехалі некалі вядомый расейскіх пісьменнікаў, сярод іх і Аляксандр Фадеев. Відавочна, для ўдзельнікаў з'езда быў падрыхтаваны канцэрт, на якім не прагучалі беларускія песні. І гэта страшэнна абурыла Фадзеева.

“Я прыехаў песні маці
Беларускія пачуць
І дарэмна час патраціў:
Не спяванне – каламуць.

Я ў Шаляпіна уцёс той
Слухаў, слухаў да зары.
Ваш актор басілам тоўстым
Роў, нібы асёл стары.

Маці прозвішча Бусыга,
Клічка даўняя мая”…
Броўка той зубамі скрыгаў,
Змаркатнелі Танк і я.

І ўсё ж, нягледзячы на песімізм кнігі, Пімен Панчанка не адкідае славутае беларускае выслоўе “памірай – а жыта сей”. У вершы “Аснова” ён пералічвае жыцця асновы, з дапамогай якіх можна стаць чалавекам. І заканчваецца верш такімі радкамі:

Не цурайся людзей,
Каб душа не сапсела.
Помні: жыта дзядоў
Добра ў мэндліках спела.