Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

24 августа 2020 г. 14:49

154

4

Рыхтуюся запісваць другі выпуск падкаста ў цыкле “Асобы” пра жыццё і творчасць паэта Уладзіміра Дубоўкі. З гэтай прычыны чытаю зараз усе магчымыя матэрыялы на гэтую тэму, а паралельна перачытваю і ўласна кнігі паэта. Пачала марафон па творчасці Дубоўкі са зборніка Дзмітрыя Бугаёва.
Кніга “Уладзімір Дубоўка” ўпершыню выйшла ў 1965 годзе і стала першай спробай крытычнага і літаратуразнаўчага вывучэння творчасці паэта. Праз 40 гадоў кніга была перавыдадзеная са значнымі дапаўненнямі: у яе ўвайшлі новыя артыкулы “Трагедыя паэта”, “Талент і праца”, “З эпісталярнай спадчыны Уладзіміра Дубоўкі”, “Уладзімір Дубоўка ў жыцці”, а старыя былі перапрацаваныя.
Такім чынам, гэтае выданне — не цэльная манаграфія, а зборнік артыкулаў, у якіх аўтар не толькі разглядае творчасць паэта, але яшчэ і прасочвае ягоны жыццёвы шлях, дзеліцца ўнікальнымі матэрыяламі, якія друкуюцца ўпершыню. Напрыклад, публікуе лісты, якія атрымліваў ад Дубоўкі. Цікава знаёміцца з гэтай эпісталярнай спадчынай, бо з яе мы можам даведацца, што Дубоўка быў даволі сур’ёзным чалавекам, які падыходзіў да ўсяго адказна і разважліва. Напрыклад, да напісання іншымі кнігі пра яго, бо ў лістах Бугаёў кансультаваўся з Дубоўкам па асобных пытаннях на гэтую тэму. Можна сказаць, Дубоўка прымаў актыўны ўдзел у напісанні гэтай кнігі :)
Дубоўка і Бугаёў былі знаёмыя асабіста, і звяла іх якраз творчасць паэта. Спачатку літаратуразнаўца пісаў пра Дубоўку манаграфічны артыкул для двухтомнай “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, а потым і гэтую кнігу. Вядома ж, калі ў цябе ёсць магчымасць сустрэцца з героем даследавання, то варта гэта зрабіць. Да таго ж сам Дубоўка даволі прыязна ставіўся да таго, што пра яго пішуць, і сам запрасіў Бугаёва да сябе ў госці ў Маскву.
Зборнік цікавы, да таго ж я вялікая прыхільніца Дзмітрыя Бугаёва і з вялікім задавальненнем чытаю ўсе яго літаратуразнаўчыя артыкулы. Добрая кніга, каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Дубоўкі.