Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

4 февраля 2020 г. 19:35

138

5

Прачытаўшы гэты зборнік вершаў яшчэ раз праз 27 гадоў, я падумаў: або гісторыя Беларусі развіваецца цыклічна і, напісаны праўдзіва і трапна, мастацкі твор можа быць абсалютна актуальным праз 30 гадоў; або Алесь Чобат, аўтар зборніка, пісаў у сваіх вершах пра будучыню і дакладна яе прадбачыў.

Зборнік выйшаў у 1992 годзе, а вершы відачна былі напісаны напрыканцы 80-х і на самам пачатку 90-х, калі яшчэ не было незалежнай Рэспублікі Беларусі, а тым больш яе прэзідэнта.

Але вось чытаеш зборнік і разумееш, што гэта дакладна пра наш сённяшні дзень:

Бацькі не хочуць да шыхтоў з сынамі,
Чужы і мілы край яшчэ не з намі –
Ні памяці, ні роспачы, ні слёз.

Або:

Смяецца дурань местачковы
З пакутаў матчынае мовы –
За ім і тэхнікум, і пых.

Жыве і спіць, бяды не мае.
Начальства бок яго трымае –
Само выходзіла з такіх.

І што яшчэ моцна злучае гэты зборнік з сённяшнім днём, дык гэта Кастусь Каліноўскі. І сам Кастусь, і паўстанне 1863 года ў вершах згадваецца актыўна, амаль як сёння.

На сучаснікаў не спадзяецца Скарына,
І нашчадкам радкі пакідае Кастусь.

Увогуле зборніку пашанцавала на час выдання. Гэта быў ці ні самы эпагей адлігі і вольніцы. Сёння нават цяжка паверыць, што ў прадмове да кнігі, якая выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, гарадзенская паэтка Данута Бічэль-Занетава піша, што паэт актыўна займаецца палітыкай, актывіст адраджэнскага руху, што менавіта ён быў арганізатарам першага мітынгу БНФ у Гародні.

Зборнік Алеся Чобата “Год” бадай найбольш моцная і цэльная беларуская першая кніга паэта другой паловы ХХ стагоддзя, з тых, з якімі я знаёмы. З ёй хіба можна параўнаць першыя кнігі Анатоля Сыса і Алега Мінкіна. Калісьці гэтыя вершы будуць вывучаць у школе.