Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

17 ноября 2019 г. 14:16

436

5

Для мяне асабіста вяртанне Ігара Сідарука да паэзіі сталася прыемным сюрпрызам. Больш таго, гэтае вяртанне адбылося ў новай якасці – якасці прадстаўніка класічнай беларускай сілаба-танічнай паэзіі. У 90-х гадах Ігара Сідарука можна было назваць нават панк-паэтам, настолькі яго паэзія была анархічнай і брутальнай. І вось зусім новы паэт Ігар Сідарук, са сваёй новай кнігай.

Дарэчы, гэта ўжо другая яго кніга паэзіі, якую выдала выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда». У 1994 годзе ў Полацку пабачыў свет ягоны бадай самы анархічны беларускі зборнік вершаў «Саната Арганата».

Назва новай кнігі «Непазьбежны лістапад» дакладна адлюстроўвае настрой і змест вершаў. Гэта паэзія восеньскага перыяду жыцця паэта. Тут ён як бы спрабуе пераасэнсаваць свае мінулыя гады, вызначыць, што ў іх сапраўды было вартым і каштоўным, а што другасным і другарадным. З вершаў вынікае, што самым каштоўным для паэта былі чалавечыя адносіны, пераважна з любімымі жанчынамі. Кніга прасякнута ўспамінамі пра шчаслівыя імгненні жыцця. Прычым паэт не наракае, што шмат было расстанняў. Ён удзячны за тыя месяцы і дні разам, за тыя сустрэчы і супольныя вандроўкі.

Заплюўшчыў вочы я тады
і ціха папрасіў у Бога:
Хоць ў шчасны час, хоць ў час бяды
Я мог знайсьці твае сьляды
На ўсіх замеценых дарогах.

І паэт разумее, што гэтыя імгненні знікнуць разам з ім. Захаваць іх магчыма толькі ў вершах.

І ляліць, і ляціць, і ляціць
Сьнег нястомна, няспынна, татальна.
І пад ім так глыбока ляжыць,
І так хоча хоць трошкі пажыць
Адзінот двух забытая тайна.

І таму нараджаюцца вось такія вершы:

Я не шкадую ні аб чым!..
Што мы з табой тады знайшліся,
Што крыху лёсы не сышліся,
Што нас кружляў салодкі дым,
І верасень сьпяваў дваім
І за каўнер шпурляў нам лісьце!..
Я не шкадую ні аб чым.

Атрымаўся рамантычны, настальгічны зборнік, які будзе актуальны ў любы час, асабліва ў час расчаравання, зняверанасці, разгубленасці і развітання.