Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

18 сентября 2019 г. 14:56

2K

4

Мар'ян Дукса пайшоў з жыцця сёлета ў 76-гадовым узросце. Калі ў беларускай літаратуры існуе адмысловая кагорта паэтаў, якія застаюцца недаацэненымі, дык Мар'ян Дукса дакладна належыць да яе. Большую частку свайго жыцця пражыў у мястэчку Солы на Смаргоншчыне, дзе настаўнічаў да 1987 года. У апошнія гады актыўна супрацоўнічаў з каталіцкім часопісам "Наша Вера".

Бачна з біяграфіі паэта, што жыццё яго было не з лёгкіх. Нават сярэднюю школу ён заканчваў завочна. Ніколі не займаў ніякіх літаратурных пасадаў і не працаваў у літаратурных перыёдыках. Што ўвогуле досыць рэдкі выпадак для паэтаў яго пакалення. Усё свае жыццё, акрамя хіба студэнцкіх гадоў, Мар’ян Дукса звязаў з вёскаю.

Праўда кнігі яго выходзілі досыць перыядычна. Першая яго кніга "Спатканне" выйшла ў 1967 годзе, калі паэту было 24 гады. А зборнік "Твая пара сяўбы" пабачыў свет у 1985 годзе, і гэта была 7-я кніга паэта.

Зборнік "Твая пара сяўбы" мне асабіста нагадвае адмысловы дзённік, у якім, у паэтычнай форме, аўтар натуе свае думкі, развагі і мары. Відавочна з-за таго, што паэт працягваў жыць у вёсцы, у ягоных вершах няма ніякай настальгіі па страчанай гармоніі вясковага жыцця.

І ва ўсім зборніку паэт ні на што не наракае. Ні на лёс, ні на нейкія жыццёвыя абставіны.

Не спакушуся на раўнейшы шлях,
на пругкі бег пры ветры, пры рэсорах...
І мне бліжэй пры сонцы і пры зорах
уласных крылляў памяркоўны ўзмах.

З гэтай нагода паэт неяк сказаў журналісту:
"Пісьменнікі не павінны забывацца на міт пра Сізіфа. Калі ты ўпэўнены, што ты робіш добрую патрэбную справу, рабі яе. Каці гэты камень. Можа, ён і раз, і два, і дзесяць будзе падаць уніз, ты яго каці."