Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

29 июня 2019 г. 20:54

411

4

У Васіля Зуенка не атрымаўся імклівы старт у літаратуру. Першая яго дарослая кніга паэзіі «Крэсіва» (раней пабачыў свет зборнік вершаў для дзяцей "Вясёлы калаўрот") выйшла ў 1966 годзе, калі паэту было ўжо 31 год. Напрыклад, у Рыгора Барадуліна ў гэтым узросце выйшла 8 зборнікаў вершаў, сярод якіх адна кніга пабачыла свет у Маскве ў перакладзе на рускую мову.

Але ў перыядычным друку Зуёнак друкаваўся з 1954 года. Дарэчы, як раз у гэтым годзе ён скончыў Барысаўскую педвучэльню. Было яму тады 19 гадоў. То бок, пісаў ён вершы з юначага ўзросту. Такім чынам «Крэсіва» аб'яднала лепшыя вершы паэта з напісанага больш чым за 10 гадоў. І гэта заўважна. У зборніку няма юначай бравады і зухаватасці, якія звычайна прысутнічаюць у дэбютных кнігах маладых паэтаў. Нашыя продкі крэсівам распальвалі вогнішча. Дык вось, вершы ў зборніку – хутчэй філасофскія развагі каля хатняга агменю. Але без рамантыкі. Будучае жыццё паэт не ідэалізуе, а ўспрымае цвяроза, як дарослы, мудры мужчына.

Абяцаю ночы бяссоныя,
Дні,
пахмурныя і бяссонцыя,
Абяцаю крутыя дарогі,
Абяцаю чаканне,
трывогі,
І вялікую веру,
І шчырую вернасць -
абяцаю.
А шчасце?..
Не знаю.

У вершы «Я пра цябе...» паэт разважае над тым, што існуе яго рэальнае"я", і яго вымышленае ідэальна-мройнае "я". Ці сустрэнуцца яны ў жыцці? Ці пазнаюць адзін аднаго?

Праносімся ў эфіры -
Міма!
Міма!
Прырода хітрая...
А нам сустрэцца трэба,
Двайнік мой таямнічы...

А пра гэты філасофскі верш Васіля Зуёнка шмат пісала тагачасная крытыка, спрабуючы яго патлумачыць і асэнсаваць.

Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем -
Ля Халопеніч,
на Беларусі.
Ніхто не пачуў -
Ні людзі,
ні травы,
ні вецер...

Ніхто.
А шар зямны
Здрыгануўся...

Дарэчы, гэтую дэбютную кнігу Васіля Зуёнка на грамадскіх пачатках адрэдагаваў Рыгор Барадулін.