Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

22 февраля 2019 г. 16:17

792

5

Колькі ўвагі мы звычайна надаём дэталям? Нязначным, як мы лічым, дробязям. А часта менавіта з іх складаецца тое, што паўплывае на наша жыццё. Пра гэтыя дэталі і дробязі новы раман Валера Гапеева “Пазл”. Прызыў у войска — стрэс не толькі для самога прызыўніка, але і для яго родных і блізкіх, бо беларускае войска (хаця, у прынцыпе, любое войска) — не тая рэч, на якую варта траціць год жыцця. Але мы знаходзімся ў краіне, якая столькі гадоў усё яшчэ жыве з культам вайны, дзе непарушная аксіёма “не служыў — не мужык”. І страшна думаць пра тое, што ў наш мірны час (прынамсі, у межах краіны) з войска можна не вярнуцца жывым. Перыядычна ў навінах усплываюць гісторыі пра смерць у войску: ці то суіцыд, ці то недагляд кіраўніцтва.
Сын Віктара Анішчука, галоўнага героя рамана “Пазл”, трапляе ў войска, хаця ўся сям’я была ўпэўненая, што да восені ў яго адтэрміноўка. Але вайсковая сістэма далёка не дасканалая, да ваенкама прыйшлі патрэбныя людзі з просьбай не браць у гэтым прызыве пэўных рабят, вось ён і цыраваў дзіркі кім мог. Максім Анішчук праз чатыры дні мусіць з’явіцца ў ваенкамаце для адпраўкі ў войска. Апошнія дні свабоды хлопец адзначае з сябрамі на прыродзе за кілішкам чагосьці алкагольнага. Але прырода не спіць, і да хлопца прысмоктваецца клешч, якога ён своечасова не заўважае. (Тут вам і сацыяльная рэклама: пасля паходаў на прыроду заўжды акуратна разглядайце сябе на прадмет кляшчоў, гэта не жартачкі)
А далей раскручваецца цэлы клубок трагічных падзей, пачатак якога знайсці даволі няпроста. Ці ўсё пачалося з кляшча, ці раней, калі ваенкам прыняў рашэнне прызваць Максіма, ці ўвогуле так і было наканавана. Калі заканчваецца выпадковасць і пачынаецца асэнсаваны чалавечы выбар? Ці мы толькі думаем, што нешта вырашаем у сваім жыцці, а насамрэч проста плывём.
“Если все плывут по течению, значит это канализация” © Adamkus ir Ieva “Манифест”. Валер Гапееў пакажа нам, як усё ўзаемазвязана ў жыцці. Як розныя фрагменты звязваюцца паміж сабой і вызначаюць наш далейшы лёс. Бо жыццё сапраўды як пазл — складваецца з рознакаляровых кавалачкаў. І мне вельмі падабаецца гэтая метафара.
Нам ніколі не знайсці пачатак нейкага здарэння, бо гэта вынік супадзення мноства фактараў.
Кніга падзеленая на главы, якія называюцца “Фрагменты” і маюць падзагалоўкі з імёнамі дзеючых у іх герояў. Тут нават ёсць асобныя главы для кляшча, лася і іншых прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія адыгралі пэўную ролю ў лёсе персанажаў. Таксама ў кнізе згадваюцца многія праблемы сучаснага беларускага грамадства: ад фальсіфікацыі выбараў да агульнага заняпаду палітычнай і крымінальнай сістэмы Беларусі.
І адна з найбольш цікавых для мяне тэм рамана: помста. Як там у Бібліі: атрымаў удар па адной шчацэ — падстаўляй другую? Ці маем мы права на помсту? Калі з нашымі блізкімі здараецца бяда і мы маем уяўленне, хто ў гэтым вінаваты, то ці маем мы права адпомсціць? Даволі сур’ёзная маральная дылема.
Таксама мне падабаецца, што звычайна ў раманах Гапеева падзеі разварочваюцца не ў сталіцы, а ў правінцыі. Прычым месца не называецца, бо ў творах аўтар транслюе агульныя для беларускай правінцыі праблемы.
Вокладку кнігі намаляваў Адам Глобус, лёгка пазнаецца яго стыль і сапраўды добра пасуе кнізе. І пакуль што гэтая кніга ўзначальвае мой асабісты топ твораў Гапеева і ўрываецца на першае месца ў топе найлепшых беларускіх кніг, прачытаных у гэтым годзе.
картинка xbohx