Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

20 января 2019 г. 23:40

417

5 калі чытаеш зборнік, увесь час у тваіх вушах гучыць музыка...

Калі чытаў гэты паэтычны зборнік, заўважыў, што ў ім досыць шмат вершаў пра Каляды. Відавочна, Каляды былі адным з любімых святаў Міхала Анемпадыстава. Але пры гэтым ніякіх цудаў на Каляды ў ягоных вершах не адбываецца.

Прыйдзе зіма і Сьнежань
Лісьце заваліць сьнегам
Мы адсьвяткум разам
Божае Нараджэньне
(…)
Цёмна-зялёны водар
Будзе ад елкі ў доме
Раніцай прыйдзе Студзень
І зменіцца нумар году

Вось і ўвесь калядна-навогадні цуд – «зменіцца нумар году». Гэта з тэксту песні з «Народага альбому». З тэксту іншай песні, якую выконваў гурт «Новае неба», цудаў чакаюць, але яны таксама не прыходзяць.

Мы чакалі Калядаў з маленства,
Ды ніяк не маглі дачакацца.
Тату трэба было на работу,
Маці трэба было на працу.
(…)
Нам даводзілі, хто мы і што мы,
Нас вучылі выконваць загады.
Нам казалі, ды мы ня чулі –
Мы ўпотай чакалі Калядаў.

Ды і ва ўсім зборніку ніякіх адметных, незвычайных падзеяў практычна не адбываецца. Хіба што выключэннем з'яўлюцца тэксты да «Народнага альбому». Але і там ці не галоўная падзея – бойка на лузе паміж Казікам і Юзікам, у выніку якой Юзік згубіў гузік.

Нават дзіву даешся, як аўтар са звычайнага, паўсядзённага, буднічнага жыцця ствараў паэзію. Пра шафу, шуфляды, хатнія рэчы, зімовы вечар, першы снег, пра п'яніцаў на вуліцы, пра электарат, які выбірае, пра простыя рэчы. Аднак уся гэтая ціхая будзённасць падзяляецца на дзве часткі: любімая - з уласнага, прыватнага жыцця, і нелюбімая – з таталітарнага, паднявольнага жыцця. Пра шэрае, сумнае жыццё апавядаецца ў такіх вершах як «Радыё Сталін» або «Над горадам шэрая хмара…»

Ну а што любіць аўтар?

Я люблю, калі сьвеціць сонца
Рана ранкам праз фіранкі.
Я люблю пах свежае кавы,
Я люблю смак смажанай бульбы.
Мне падабаецца водар парфумы,
Мне падабаецца дым цыгарэтаў,
Я люблю халодныя блюзы.
Я люблю свае джынсы старыя.

Вось такія ўпадабанні, без ніякай экзотыкі, усё гэта можна адшукаць ва ўласнай кватэры.

Ну і яшчэ варта адзначыць, што значная частка гэтых вершаў з'яўляюцца тэкстамі песень ужо згаданага «Народнага альбому» і гурта «Новае неба», таксама варта дадаць гурты «N.R.M.» і «IQ48». Таму, калі чытаеш зборнік, увесь час у тваіх вушах гучыць музыка.