Больше рецензий

27 ноября 2018 г. 09:58

987

5 Кніга пра Шлях

На мой погляд, на цяперашні момант гэта самая лепшая кніга В. Марціновіча. І яна не пра постапакаліптычную Беларусь, не гэта ў ёй галоўнае. Галоўнае, да чаго заклікае нас аўтар (у чарговы раз у гісторыі сусветнай літаратуры) - не здраджваць марам и дабру. 100 разоў гэта гаварылася, праўда? І В. Марціновіч вуснамі аднаго вельмі загадкавага героя адзначае, што добрае і дрэннае адрозніваць вучаць яшчэ бацькі, усе пра гэта ведаюць, але ніхто не робіць. Галоўны герой кнігі, Кнігар, нібыта паказвае нам уласным прыкладам - ідзі, цярпі, умей казаць "не" спакусам і моцным гэтага свету, не бойся, не рабі кепскага без патрэбы, але і калі ёсць тая патрэба, таксама лепей не рабі. Хай да цябе не прыдзе чараўнік у стэтсанаўскім капелюшы, атрымлівай асалоду ад самога жыцця, жыцця, у якім правілы гульні ўнутры цябе, не зважаючы на постапакаліпсіс навокал.
У "Ночы" В. Марціновіч раскрыўся як мастак. Мастак унутранага стану героя і мастак навакольнага свету. Я чытала гэтую кнігу ў лістападзе, калі за вакном тое самае надвор'е, што і ў рамане на вуліцы, у выніку ледзьве стрымлівалася, каб ноччу не бегаць правяраць, ці ёсць электрычнасць у хаце, а ўдзень пільна ўглядалася ў неба - там, за коўдрай хмар, сонца ёсць, спадзяюся? Гэтая шэрая халадэча не назаўжды? Унутраны стан чалавека - роспач, боль, ваніты, няўтульнасць - В. Марціновіч даўно апісвае вельмі добра. Ты нібыта ідзеш праз туман і лес, спіш абы дзе, едзеш на цягніку, п'еш сурагат разам з героем, табе цёмна, цяжка, няутульна, як яму (адно толькі есці не хочацца, бо еш і за Кнігара, і за сябе, каб не змерзнуць жа )))
"Ноч" - вельмі хітры раман. У тым сэнсе, што ўсе лініі аўтар зводзіць разам толькі ў самым канцы. То бок, хто дайшоў, дачытаў, зразумеў - той ляціць да зор разам з героем. Астатнія застаюцца ў цёмным лістападзе без ежы недзе пад былым Слуцкам, енчачы, што

спойлер
злодзеі занадта добрыя, герой мала есць, сабачку шкада, чаму адразу зброю не далі, герой, дурань, пайшоў абы куды, не дойдзе
свернуть

і гэтак далей.
Але калі ты дачытаеш, то і добрыя падарожныя на постапакаліптычных дарогах, і злыя сабакі на іх жа, становяцца зразумелымі. Гэта кніга пра Шлях, шлях не толькі як рух, але і як жыццё. А ў жыцці яно так ёсць, нелагічна і страшна, і не ведаеш, хто там выйдзе да цябе з тумана. Дзякуючы "Ночы" у мяне з'явілася больш сіл, каб ісці далей, з лістапада ў снежань.

Комментарии


а пра атмасферу восені - і ў мяне такое было. гэту кнігу варта менавіта ўвосень чытаць, для ствараэння эфекту "паглыблення"))


Так, і лепш у канцы лістапада, каб было цёмна і мярзотна за вакном


Калі гэта сапраўды, як вы пішыце, лепшая кніга Марціновіча, то я нават не ўяўляю наколькі ж дрэнныя астатнія.


Астатнія чытаць не раю