Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

28 августа 2018 г. 18:41

367

4

Камусьці трэба паглыбіцца ў 900-старонкавы том Бахарэвіча, прадзірацца праз гушчар бальбуты, а хтосьці хоча лёгкага і захапляльнага чытва, пры гэтым не пазбаўленага інтэлектуальнасці, бо кніга напоўненая культурнымі адсылкамі і алюзіямі. Цудоўна, што ў беларускай літаратуры з'яўляюцца і такія творы, якія дапамогуць вам нырнуць вечарам у кнігу і вынырнуць з яе на апошняй старонцы, калі за акном ужо пачне світаць. Прынамсі, так было ў мяне.
Аліна Длатоўская — маладая аўтарка, выпускніца Школы маладога пісьменніка, якая дэбютавала кнігай адразу на сур’ёзную тэму. Працягваючы тэмы Віктара Марціновіча ў “Мове” і Ганны Севярынец у “Дні Святога Патрыка”, Аліна разважае на тэму будучыні беларускай культуры і мовы.
У недалёкай будучыні некаторыя краіны стварылі звышдзяржаву — Еўрапейска-Расійскае Аб’яднанне Рэспублік (АбРэсп). У такой дзяржаве не вітаецца разнастайнасць культур, за чым сочыць арганізацыя С.О.Н. (Система Охраны Наследия). Яны вышукваюць помнікі культуры, архітэктуры і г.д. і знішчаюць іх. Кнігі, рукапісы, нават цэлыя будынкі — нічога не павінна нагадваць пра культуры краін, якія ўваходзяць у АбРэсп. Вядома ж, і мова вітаецца выключна расейская.
Гэтай арганізацыі супрацьстаіць сепаратысцкая суполка "Лабірынт", якая сваёй назвай відавочна адсылае да Вацлава Ластоўскага. Яе ўдзельнікі — звычайныя хлопцы і дзяўчаты, неабыякавыя да спадчыны сваёй краіны. Праўда, яны валодаюць пэўнымі здольнасцямі, але гэта не прывычныя нам спайдэрмэнаўскае чуццё, дэдпулаўская рэгенерацыя ці супермэнаўская суперсіла. Алесь, напрыклад, мае дар пераканання і можа ўпэўніць чалавека зрабіць усё, што захоча. Ліка выклікае прывідаў і размаўляе з імі. А я б хацела мець Данілаву суперздольнасць: дакрануўшыся да прадмета, ён бачыць яго мінулае. Такія сабе супергероі без касцюмаў. Вядома ж, не з такой глабальнай мэтай, як захаванне ўсяго чалавецтва, але не менш высакароднай: захаванне роднай культуры. А самае цікавае, што гэтыя суперздольнасці ўзнікаюць у чалавеку тады, калі ён пачынае размаўляць па-беларуску.
Дарэчы, у творы мноства адсылак да розных літаратараў, дзеячаў культуры, напрыклад, героі спрабуюць разгадаць таямніцу смерці Янкі Купалы. А пасля прачытання кнігі дакладна захочаце напісаць аўтарцы, каб спытаць, дык што ж там далей адбылася. А магчыма, мы маем шанец атрымаць працяг?
Бо гэтая аповесць выйшла зусім караценькай (усяго 132 старонкі кішэннага фармату), і калі пачытаць інтэрв’ю з аўтаркай на сайце Саюза пісьменнікаў, то можна даведацца, што твор шмат разоў перапісваўся, а потым хуценька дапісваўся, што не магло не паўплываць на яго якасць. Ва ўсім творы адчуваецца нейкая абрывістасць, нібыта з яго выдаляліся цэлыя кавалкі (мяркую, што так і было). І калі ў пачатку дзеянне адбываецца даволі дынамічна, то пад канец пачынае правісаць, нібыта героі самі не ведаюць, што ім зараз рабіць. Таксама хацелася б больш інфармацыі пра гэтую новую дзяржаву, хто кіруе, як усё ўладкавана, бо нам даюцца мінімальныя звесткі ў пачатку. А гэта важная частка твора, бо ад асаблівасцяў дзяржавы залежаць дзеянні галоўных герояў. Калі думаць, што магчымы працяг (зыходзячы з фіналу твора), то спадзяюся, што Аліна прапіша ўсё гэта больш дакладна. Тады ўжо не трэба будзе спяшацца да дэдлайнаў Школы пісьменніка, ну і можна замахнуцца на цэлы раман. Нават калі працягу не будзе, гэтая кніга ўсё роўна стане добрым вопытам для маладой аўтаркі. Бо ў цэлым атрымалася нядрэнная, цалкам чытэльная і нават захапляльная кніга. Дарослым сур’ёзным дзядзькам і цёткам не трэба чакаць ад яе многага, бо як я бачу, кніга больш разлічана на падлеткаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Ген зямлі — ніякі не ген папраўдзе. Вы ж гэта разумееце, праўда? Ген зямлі — гэта тое, што прачынаецца ў нас, калі мы ўпершыню чуем беларускую мову, беларускія спевы, чытаем пра беларускіх герояў ці пра беларускую архітэктуру. Ген зямлі — гэта любоў і гонар.

Я размаўляю па-беларуску. А ў чым твая суперздольнасць?
картинка xbohx

Комментарии


Цікава обкладинка! Цікава рецензія. Але я- дорослий дядька, тому хотілоя б знати: "Дні Святого патрика" теж для підлітків?


Ось вона для дорослих якраз)