miki_vicki

10 января 2014 г., 00:45

Аўтамат з газіроўкаю стаяў на пляцы Волі, на спуску да Нямігі, куды перанеслі яго з праспекта Леніна ад крамы пад гадзіннікам, шостай прадуктовай, у якой і пачалі прадаваць мінчукам пеністую ваду з сіропам і без. Чаму перанеслі, ніхто не ведаў. Але ўсе здагадваліся: каб ятку знесці, у якой раней мяса прадавалі. Мяса на ўсіх не хапала, і каб яго стала болей, увесь Савецкі Саюз засеялі кукурузай, пасля чаго мяса зусім прапала. Ятка стаяла пустой — і ў ёй сталі прадаваць газіроўку. Мінчукі падыходзілі, выпівалі і пыталіся: “А закусіць?”
Калі ж ятку знеслі і аўтамат замест яе паставілі, дык у каго пра што пытацца? У аўтамата?..