Канкураваць з Днём Волі можа толькі асабісты дзень нараджэння, дый тое адно ў тым выпадку, калі ён прыпадае на сёньняшнюю дату. Застаецца толькі павіншаваць усіх Воляў і ўсіх беларусаў, дзя б яны ні былі, а таксама тых, хто нам спачувае, хто нас падтрымлівае, хто пра нас піша, вучыць нашу мову, перакладае зь яе, тых, хто не маўчыць, хто кажа пра нас з высокіх трыбунаў, за сталамі кавярняў, на плошчах, на кухнях і ў інтэрвію, хто беспасьпяхова намагаецца нас зразумець - карацей, усіх, хто хаця б трошачкі беларус у душы.
Сёньня самы час павіншаваць і тых, хто нас ненавідзіць, не прызнае, пагарджае намі і нас баіцца, тых, для каго мы нацысты, вылюдкі, паліцаі, маргіналы, змагары, сьвідаміты, пятая калёна, жыдамасоны, меншасьць, вар'яты, дэструктыўныя элементы і наіўныя летуценьнікі. Віншую! Як бы вам ні хацелася, мы ёсьць і зьнікаць нікуды не зьбіраемся.