
Звычайны настаўнік Віктар Мірановіч застаецца без працы і, як многія жыхары нашай правінцыі, выпраўляецца на падпрацоўку ў Маскву. Там нічога не атрымліваецца, і ён вяртаецца дадому, дзе спрабуе публікаваць свае вершы ў раённай газеце.Але ў Беларусі чалавек, які здольны хоць нешта пісаць, ужо ўяўляе сабой патэнцыйную пагрозу для ўлады, таму ім пачынае цікавіцца мясцовае кіраўніцтва. Да іх дайшлі нейкія чуткі пра тое, што ён піша кнігу (а гэта не так), а пра што ж яшчэ пісаць чалавеку, як не пра тое, што дзеецца навокал, што ён бачыць кожны дзень. Так Віктар апынаецца пад пільным паглядам мясцовых уладаў, якія, вядома ж, не надта хочуць стаць героямі кнігі. Да таго ж невядома, яна задумваееца у добрым ці дрэнным святле.
Гэты бок жыцця правінцыі паказаны вельмі добра, з доляй і трагізму, і камізму. Вядома ж, з некаторай гіпербалізацыяй, але даволі сатырычна. Сюжэт кнігі цікавы, Пляскач умее заінтрыгаваць чытача. Аповесць вельмі дынамічная, не паспяваеш засумаваць. Але ж я б параіла аўтару не вельмі гуляцца з жартачкамі, бо за іх нагрувашчваннем губляецца часам вельмі глыбокае праблемнае поле кнігі.
Ну а цяпер пра лыжку дзёгцю ў бочцы мёду. У кнігах я магу прабачыць абдрукоўкі, пунктуацыйныя памылкі, а вось арфаграфічныя прабачыць не магу. Не ведаю, на каго тут бочкі каціць, на пісьменніка ці рэдактара з карэктарам... Вядома ж, першыя прэтэнзіі мусяць быць да пісьменніка, што з памылкамі піша, але навошта тады рэдактар, калі прапускае такія жудасці, як "метыястанцыя", "пакамечыны", "дзверэй" і многае іншае. Абдрукоўкі можна не заўважыць, калі вока замылілася ад доўгай працы, але я не ўяўляю, як прапусціць такое. Шкада, калі ўражанне ад кнігі псуецца такімі вось недапрацоўкамі.
А яшчэ ў кнізе праблема з такімі знакамі, як : і -. Яны чамусьці паднятыя даволі высока адносна літар, што вельмі збівала пры чытанні кнігі, вочы пастаянна аб іх спатыкаліся.
Ну, і каб не заканчваць гэты тэкст на сумнай ноце, скажу, што вокладка ў кнігі выдатная. Я вельмі люблю працы Стасі Сакалоўскай, яны заўжды пазнавальныя і неверагодныя.























