Мірановічу ж гарэлка дадала... «Шоу працягваецца!»
GrusenmeyerSeptemviri11 июня 2018Мірановічу ж гарэлка дадала мужнасці, і ён пачаў бязлітасна кпіць з “Нашага шляху” і яе штатнага карэспандэнта: Пятра Аляксеевіча ведаеш? — звяртаўся да Садка Мірановіч. — Ну, гісторык наш, Жукоўскі. Мы з ім, калі бачым у газеце чарговы артыкул вашага штатнага краязнаўцы Варановіча, напаўсур’ёзна робім стаўкі: на гэты раз вызваліў Стэфан Баторы Полацк ці захапіў. Я не ведаю, у якім стане там твой рэдактар, што чытае і чым думае, але ж у вас акурат праз раз, як гаворка заходзіць пра караля, ён то вызваліцель, то захопнік! І так літаральна пра ўсё: Пётр І — саюзнік, у наступным нумары — акупант, прывёз бульбу на Беларусь — квітнела яна і да Пятра, Белы Ковель узарваў — дрэнна, не дастаўся шведам — добра! Яны што, у Швецыю забрлі б замак? Праўда, быў варыянт, што ў Швейцарыю. І гэта ў двух суседніх абзацах. Падумаеш — праблема. Ды гэтую лухту акрамя цябе ніхто не чытае. Ну, хіба яшчэ твой Пётр Аляксеевіч… А Швейцарыя і Швецыя не адно і тое ж хіба?.. Жартую! Вырачыўся ён, паглядзіце! Тут сацыяльная палітыка, разумееш. Якая?! — шчыра здзівіўся Мірановіч. Сацыяльная, самая што ні ёсць яна, родненькая… Варановіч той, пярдун стары, наш чалавек, сапраўдны камуніст-патрыёт і сябра рэдактара. Ну, павінен жа рэдактар даць магчымасць падзарабіць дзеду на лекі… Дык не такім жа чынам! Гэта ж шкодзіць іміджу газеты, наогул друкаванаму слову! Хаця б ужо папраўлялі ці што, калі друкуеце… Навошта?! Я ж кажу, што гэта ўсё адно ніхто не чытае. Ну, а калі і чытае — не разумее, не замарочваецца, адным словам: сёння акупант — добра, заўтра хаўруснік — хай сабе. Людзям што з таго? Ні цёпла ні холадна! Ні ў Швецыі, ні ў Швейцарыі ім не бываць! Ім цікавей пра сучаснае, блізкае, роднае там: пра надоі, ураджайнасць, хто памёр, каго забілі, хто згарэў, каго згвалцілі, а яшчэ лепей, каб пра ўсё разам! Разумееш! Актуальнасць патрабуецца! А вы са сваімі Пятрамі Аляксеевічамі — не злабадзённыя! Але ж газету чытаюць і адукаваныя людзі!— не здаваўся Мірановіч. Ну якія ў нас адукаваныя людзі?! Тузін зацюканых настаўніц? Ды ў іх адзін клопат: як канцы з канцамі звесці, да палучкі як дацягнуць, а калі не хапае — у каго пазычыць. Ты ж сам рагатаў з адной такой гістарычкі, якая ў 2001 годзе збіралася святкаваць стагоддзе Друцка6 (лічыцца заснаваным у 1001 годзе)! Адным словам, Віця, трэба быць міласэрным, больш гуманным, прасцей трэба быць — і да цябе пацягнуцца людзі! Як да цябе? Як да мяне. Так! Я, думаеш, не бачу гэтых падхалімаў? Наскрозь бачу, Віця! І вылеці я заўтра з рэдакцыі — ніхто з іх мне рукі не працягне, і на імя на наступны ж дзень забудуцца! Вось табе ад мяне нічога не трэба. Выпіць і без мяне знайшоў бы з кім. Ты разумны і наіўны, як ёлупень! Як я некалі! Я таксама быў ёлупень! Магчыма, нават быў разумны… З нечаканага боку праяўляўся Садок: аказваецца, не такі ён ужо адназначны. Дурнем ніяк не назавеш… Аказваецца, уся ягоная знешняя праставатасць —гэта толькі спосаб прыстасавацца, не выбівацца з агульнага асяроддзя, уцерціся ў давер… Ён куды страшнейшы за бяскрыўднага дурня: ён выдатна бачыць кожнага наскрозь, здольны знайсці слабіну ў кожным і ўдарыць, калі ўзнікне патрэба, па самым балючым… Гэта атрутнае асяроддзе фармавалася доўгімі дзесяцігоддзямі: усё жывое, цікаўнае, думаючае бязлітасна выціскалася адгэтуль, шальмавалася і бэсцілася. Або прыстасоўвайся, не вытыркайся, будзь як усе, або з’язджай…
101