Отзывы о книге Дараванне
Torvald518 мая 2018Трэба сапраўды набрацца смеласці, каб пасля ўсяго, што напісалі беларускія пісьменнікі пра Другую сусветную вайну, асабліва пасля Васіля Быкава, паспрабаваць штосьці сказаць новае на гэтую тэму. Алена Брава паспрабавала. Праўда, падзеі ў яе аповесці "Дараванне" адбываюцца ўжо ў наш час, які значна аддалены ад крывавых саракавых, аднак сама тэма вайны ў аповесці можна сказаць скразная.
Беларуска Ларыса, замучаная няўдалым жыццём на радзіме, вырашае з'ехаць за мяжу. З дапамогай шлюбнага агенства яна знаёміцца з немцам, бярэ шлюб, і пераязджае з дачкой у невядомую, чужую краіны. Ужо ў Нямеччыне Ларыса дазнаецца, што бацька мужа Ганс Краўцэ пакутуе на хваробу Альцгеймера, а ў час вайны як раз знаходзіўся ў родных мясцінах Ларысы. Гэта навіна моцна ўзрушвае жанчыну, бо атрымліваецца, што яна мусіць даглядаць чалавека, які мог быць датычным да забойства землякоў. Хвароба старога немца прагрэсуе і ён не дае Ларысе спакою ні днём, ні ноччу. Штосьці шукае, кагосьці ратуе, ад кагосьці хаваецца - то бок у ягонай свядомасці працягвалася вайна. Пасля чарговага пабегу з дому сын прымае рашэнне аддаць старога ў дом састарэлых. Разам з Ларысай ён завозіць бацьку ў адну з такіх устаноў.
Ларыса прыбірае пакой свёкра і знаходзіць ягоныя дзённікі. З іх даведвацца, што падчас вайны ён закахаўся ў беларускую дзяўчыну Зосю, якая жыла ў роднай вёсцы Ларысы, і ўсялякімі шляхамі спрабаваў уратаваць і яе, і яе аднавяскоўцаў. Такім чынам атрымлівалася, што і сёння ён шукае Зосю, змагаецца за яе жыццё.
Ларысу гэта вельмі ўзрушвае. Яна кажа мужу, што гатовая і далей даглядаць хворага свёкра і што абавязкова трэба яго забраць з дома састарэлых. І сярод ночы едзе сама яго забіраць.
Не ведаю, ці атрымалася ў Алены Бравы сказаць штосьці новае пра Другую сусветную вайну, бо гэта трэба прааналізаваць шмат адпаведнай літаратуры, але працягнуць традыцыю Васіля Быкава, калі аўтар глядзіць на трагедыю вайны не праз чорна-белыя акуляры - атрымалася, то бок сапраўды аповесць напісана ў рэчышчы быкаўскага гуманізму.
Кніга гэтая сталася сапраўдным сюрпызам і для чытачоў, і для літаратуразнаўцаў.
Такім чынам наўрад ці тэма вайны ў беларускай літаратуры канчаткова знікне з кніг маладзейшых аўтараў, бо сапраўднае асэнсаванне гэтай жудаснай трагедыі для Беларусі, па-мойму, яшчэ наперадзе.
8 понравилось
768

Комментарии 0
Ваш комментарий
, чтобы оставить комментарий.
Комментариев пока нет,
ваш может стать первым