Отзывы о книге Рух
Torvald58 ноября 2017Я бы вызначыў гэты твор як прыгодніцкую аповесць. Наўрад ці яго можа аднесці да жанру нон-фікшн, то бок да дакументальнай прозы, хоць у творы практычна ўсе героі рэальныя гістарычныя асобы – перадусім Рудольф Дызель і Эмануіль Нобель – менавіта тыя людзі, якія прычыніліся да паўставання на Зямлі эпохі нафты. Рудольфам Дызелем быў вынайдзены дызельны рухавік, які зрабіў рэвалюцыю ў найноўшай чалавечай цывілізацыі. Пасля чаго пачалася эпоха нафты, у якой мы жывем ужо другое стагоддзе. У гэтую эпоху самымі заможнымі з'яўляюцца тыя краіны, якія валодаюць вялікімі радовішчамі нафты і газу.
Алесь Пашкевіч у сваім творы паспрабаваў прасачыць, як гэтая эпоха паўставала, якія мэханізмы яе рухалі, якія краіны ёй спрыялі.
Праз усю кнігу апавядаецца пра жыццёвыя прыгоды паплечніка Рудольфа Дызеля, інжынера Адама Мацкевіча, бацькі якога эмігравалі ва Францыю з Беларусі пасля паразы паўстання 1863 года. Адам быў сярод тых, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве Эйфелевай вежы. А затым дапамагаў Рудольфу Дызелю рэалізаваць у жыццё ідэю рухавіка, які працаваў бы на прадуктах нафтапераапрацоўкі. Гэты рухавік даў моцны штуршок развіццю аўтамабілябудаўніцтва, а таксама суднабудаўніцтву – цяпер караблі маглі без папаўнення паліва даўжэй знаходзіцца ў падарожжы.
Адам Мацкевіч закахаўся ў дачку ўладальніка нафтавых радовішчаў у Азербайджане Тугіева, які не даваў дазвол на шлюб, ставячы ўмову Адаму – пераход у мусульманства. Адам, зразумела, не згаджаўся і можна сказаць проста выкраў красуню Джамілю. Каханне іх скончылася хэпі-эндам. Зусім інакш павярнуўся лёс для самога Тугіева – у Расейскай імперыі пачаліся закалоты і смутныя часы, неўзабаве нафтавыя радовішчы Тугіева нацыяналізавалі. І цяпер ён ужо быў рады, што дачка жыве ў Парыжы, мае любімага, надзейнага мужа, што забяспечвала ёй спакойнае жыццё.
Такім чынам аповесць Алеся Пашкевіча «Рух» - гэта і амаль дэдэктыўны расповед пра ўзнікненне дызельнага рухавіка, дарэчы сам Рудольф Дызель таямніча знікнуў з карабля, які плыў у Лондан, гэта і гісторыя кахання беларуса-літвіна да прыгажуні з Азербайджану, гэта і расповед пра дзейнасць нямецкай знешняй выведкі, якая сачыла за рэвалючыйнымі тэхнічнымі зменамі ў свеце і, відаць, менавіта яна знішчыла самога вынаходніка, каб ён не мог прадаваць патэнты на рухавік па ўсім свеце.
І яшчэ варта адзначыць адну цікавостку, звязаную з гэтай кнігай. Спонсарам яе выдання выступіла беларуская сетка аўтазаправачных станцый А-100. Увогуле такое не часта бывае, каб нейкі айчынны бізнэс падтрымаў беларускага аўтара. І вось, аказваецца, здараецца ў нас і такое. Тым больш што сетка заправак А-100 абслуговае сваіх кліентаў і па-беларуску.
10 понравилось
158

Комментарии 0
Ваш комментарий
, чтобы оставить комментарий.
Комментариев пока нет,
ваш может стать первым