Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

11 ноября 2016 г. 11:11

177

4

Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ўначы пажар,
I паходнаю трубой
Зноў паклiча нас з табой на мужны бой.
Мая Радзiма – край адзiны.


Ведаю я аўтара гэтай кнігі даўно па LiveJournal. А цяпер ён ускалыхнуў беларускую літаратуру першым беларускамоўным зомбі-хорарам. Шчыра кажучы, я не аматар гэтага ні ў кінематографе, ні тым больш у літаратуры, але такая падзея не магла прайсці міма мяне.

Уявіце 1813 год, Міхал Клеафас Агінскі прыязджае ў невялікае мястэчка пад Маладзечна да свайго дзядзькі (дарэчы, родныя мясціны і самога аўтара). Зусім нядаўна адгрымела вайна, заканчваецца зіма, і з-пад снегу пачынаюць з'яўляцца... Што б вы думалі? Не, зусім не пралескі, а мерцвякі. Ці як зараз модна — The Walking Dead, Хадзячыя мерцвякі.

Кніга напісаная на вельмі высокім узроўні. Гэта не нейкая бязглуздая страшылка, дзе кроў, вантробы і смерць, герой бегае з бензапілой (ці шабляй, ці чым там яшчэ раяць абараняцца ў выпадку зомбі-апакаліпсісу) і робіць хэдшоты замбакам. Гэта гістарычны твор (ну, няхай псеўдагістарычны, хаця на прэзентацыі мы амаль упэўніліся, што ніколькі не псеўда-) пра змаганне за родны край, барацьбу з ворагам, з французскімі жаўнерамі. Розніца толькі ў тым, што вораг гэты ўжо аднойчы быў забіты, а цяпер вярнуўся да жыцця ў крышачку іншым выглядзе. Ну і зомбі яны сталі не проста так, усё мае сваё тлумачэнне, толькі пра гэты вы самі прачытаеце ў кнізе. І хоць кніга задумвалася, як сцёб, але гэта вельмі якасны сцёб. Кніга вельмі якасная і паводле лексічнага напаўнення, добрай беларускай мовы.

Выдатна, што галоўным героем кнігі аўтар зрабіў менавіта Агінскага — вядомую многім рэальную гістарычную асобу. Так кніга стала больш жывая, і ўсё часцей падчас прачытання ўзнікае ўражанне, што ты сапраўды чытаеш гістарычную прозу, а не выдумку.

Папяровай версіі пакуль што няма (акрамя 18 унікальных асобнікаў для выбраных), так што ўсе бяжым купляць электронную. Аздоблена кніга выдатнымі малюнкамі Рамана Пятрашкі.

Адзіны мінус кнігі — яна хутка заканчваецца :)
картинка xbohx