Больше рецензий

24 мая 2015 г. 22:58

2K

4

Напісаная ў 1912 годзе камедыя, на самой справе, спроба Янкі Купалы ў новым для сябе жанры. Аднак, канцоўка ў "Паўлінцы" не камедыйная, нават нешчаслівая. Бацька галоўнай гераіні выганяе з дому Адольфа Быкоўскага, але ж і каханы ёю Якім Сарока арыштаваны... Не дзіўна, што школьнікі сёння пішуць фанфікі на гэты твор з іншай канцоўкай услед за пісьменнікам Сяргеем Кавалёвым. Ды і сам твор Янкі Купалы вельмі нагадвае мне "Моднага шляхцюка" Каруся Каганца, але зараз не пра гэта.
Раю вам прачытаць неўміручы твор, а не толькі паглядзець на сцэне Купалаўскага тэтра ў Менску, тым больш, што ўпершыню п'еса была пастаўлена беларускім драматычным таварыствам у Вільні. І зусім не глядзіце тэлевізійны мюзікл "Паўлінка NEW", бо толькі ў кнізе вы ўбачыце тыпажны якасны канфлікт бацькоў і дзяцей (У.Шэкспір "Рамэа і Джульета", В.Дунін-Марцінкевіч "Пінская шляхта" і інш.), але ў адрозненні ад дзядулі Шэкспіра вы ўбачыце канфлікт унутры адной сям'і, а ў адрозненні ад дзядзькі Вінцука галоўны залётнік - пан Быкоўскі - непараўнальны самахвал-"танцор"-"спявак" у параўнанні са старым Куторгам Марцінкевіча.
Смех у папяровым варыянце выклікаюць і тыпажныя беларускія сем'і (Крыніцкія, Пустарэвічы). Яны доўгі час з Якіма Сарокі рабілі рэвалюцыянера:


С ц я п а н. Каб гэтага шэльмы і звання не было ў маёй хаце, каб яго імені я не чуў ніколі... гэтага недаверка... гэтага... гэтага забастоўшчыка.

Аднак, ці быў настаўнік рэвалюцыянерам, сказаць складана, бо Янка Купала не пакінуў для гэтага пераканальных падстаў. Прачытайце, і зрабіце сваю выснову!
Асабліва раю прачытаць гэты твор будучым настаўнікам, і ў вашу скарбонку дадасца яшчэ адзін педагагічны тыпаж, акрамя Андрэя Лабановіча Якуба Коласа, Лявона Задумы Максіма Гарэцкага, Янкі Здольніка таго ж Янкі Купалы, але пра гэта ў наступны раз...